Штраф будзе сплочаны

Mar 29, 2011 18:00



Гэтымі днямі стамбульскі суд прызнаў турэцкага пісьменьніка Архана Памука (нар. у 1952 годзе) вінаватым ў абразе турэцкага народа. Літаратар, які шэсьць гадоў таму заявіў у інтэрв’ю швэйцарскаму выданьню Tages-Anzeiger, што Турцыя застаецца абыякавай да факту забойства ў 1915 годзе мільёна армян і трыццаці тысяч курдаў, можа абскардзіць пастанову суда цягам 15 дзён. Калі скарга Памука ня будзе задаволеная, ён мусіць сплаціць шэсьць тысяч лір ($ 3,8 тысяч даляраў ЗША). Усё справядліва, усё ў межах заканадаўства.

Пісьменьніку - лаурэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2006 году, можна лічыць, пашанцавала: яму трэба сплаціць адносна невялікі штраф, у той час як артыкул 301 Крымінальнага кодэксу Турэцкай Рэспублікі прадугледжвае пазбаўленьне волі да трох гадоў за абразу Турцыі і турэцкай ідэнтычнасьці. Да таго ж ён застаўся жывым: чалавек, які меркаваў забіць Памука за гэтую абразу - прылюднае нагадваньне пра сумны факт турэцкай гісторыі XX стагодьдзя, зараз сам знаходзіцца за кратамі. Аднак былога кіраўніка турэцкай Асацыяцыі юрыстаў Кемаля Керынчсыза пакаралі не за спланаваны замах на Памука, а за тое, што ён быццам уваходзіў у антыдзяржаўную арганізацыю “Эргенекон”.

Для карнай краіны ўсе грамадзяне падсудныя.

Аб чым сьведчыць працэс над Памуком?

Ён цьвердзіць, што існая ці былая імпэрыя на ўзроўні амбітных уладных структур і кансэрватыўнай часткі грамадзтва, якое трызьніць “славутымі часамі”, ня здольная пазбавіцца сваіх жорсткіх перакананьняў, прагі дамінаваньня і пагарды да меркаваньня іншых, нават калі абярэ маску-аблічча дэмакратычнай дзяржавы. Турцыя імкнецца ў Эўразьвяз, яе міністры ветліва ўсьміхаюцца ў тэлекамеры на міжнародных сустрэчах, а ў гэты час у краіне рэгулярна арыштоўваюць грамадзянскіх актывістаў і журналістаў, ваююць з курдамі, трымаюць у суворым целе турчанак, пагражаюць крымінальнай адказнасьцью тым, хто не задаволены Ўрадам. Усе гэтыя антыгуманныя дзеяньні суправаджаюцца варожасьцю, калі не адкрытай нянавісьцю, да ўласных інтэлектуалаў, уключна з выбітнымі мастакамі слова, - такіх, як Архан Памук.

Чаму так сталася? Дзе вытокі тых чорных пачуцьцяў? Літаратурныя крытыкі ведаюць адказ, нездарма Нобелеўскі камітэт, адчуўшы душу Памука-пісьменьніка, узнагародзіў яго з дакладнай фармуліроўкай “аўтару, які ў пошуках меланхалічнай душы роднага горада знайшоў новыя сымбалі для сутыкненьня і суплёту культур”. Ці можа аўтарытарны/таталітарны рэжым дапусьціць падобны “суплёт”? Канешне, не! Пачатак жывога дыялогу людзей і культур, найшырокага абмену ідэямі, поглядамі, сьпевамі, позіркамі, усьмешкамі, вырабамі са слоў ці з гліны азначае хуткую сьмерць для яго. Прызнаньне курдаў за людзей, вольных да тварэньня сваёй нацыянальнай душы ў тым ліку ў літаратуры, непазбежна вядзе да хуткага разбурэньня палітычных дагматаў Турцыі, пакутлівага пераасэнсаваньня краінай сваёй гісторыі і многіх іншых непрыемнасьцяў для кіруючага рэжыму. Бо культура - гэта сьветлы шлях для кожнай нацыі, а дыктатура - брудная ўзбочына яенай гісторыі.

Архан Памук, чые кнігі ўжо ўвайшлі ў залаты фонд сусьветнай літаратуры, абразіў свой Урад, а не народ. Ніводны Ўрад ня вечны, у адрозьненьні ад народу, у якога ёсьць такія сыны, як Памук. Непазьбежны дзень, калі турэцкі Ўрад з сваёй кішэні сплоціць літаратару нашмат большы штраф; сьветлы дзень перамогі справядлівасьці і хараства - ён абавязкова прыйдзе для кожнай нацыі.

Вычварэньні, Замежжа

Previous post Next post
Up