Радыё "Рацыя" пра неадстаўку Сідорскакага

Aug 31, 2010 22:06



Па меры набліжэння да прэзідэнцкіх выбараў усё больш і больш у беларускай прэсе з’яўляецца чутак пра магчымую хуткую адстаўку прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага і спісанне на яго ўсяго таго, чаго не здолела дасягнуць беларуская эканоміка за апошнія чатыры з паловай гады, што прайшлі з моманту мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Пра тое, наколькі гэтыя выказванні падмацаваныя рэальнасцю, і ці выпадае сёння казаць пра набліжэнне зменаў ва ўрадзе, з аглядальнікам газеты “Беларусы і рынак” Паўлам Быкоўскім гутарыць Барыс Гарэцкі.

РР: У сённяшніх рэаліях, ці магчымая адстаўка кабінета і прызначэнне новага прэм’ера?

- Чуткі пра адстаўку Сідорскага ідуць з моманту яго прызначэння, але ён адзін з тых рэдкіх беларускіх чыноўнікаў, якія прасядзелі болей за 5 гадоў на гэтай пасадзе. Таму гэтыя чуткі не спраўджваліся. Што тычыцца перадвыбарчай сітуацыі і ў сувязі з гэтым адстаўкі ўрада, то тэхнічна ўрад уходзіць у адстаўку перад новаабраным прэзідэнтам, гэта паводле Канстытуцыі. Дык навошта адпраўляць у адстаўку перад тым, як гэта будзе адбывацца проста па фармальных падставах? Канешне, можна сказаць, што гэты ўрад ва ўсім вінаваты, а мы зараз новы будзем абіраць, але гэта дастаткова неабгрунтаваны крок палітычна, бо насельніцтва ў нас дастаткова адукаванае і зразумее, што такой адказнасці ўрада ці асобнай адказнасці ад прэзідэнта ў нас няма. Урад і Адміністрацыя Прэзідэнта працуюць у звязцы і часам нават эксперты кажуць, што Адміністрацыя кіруе ўрадам ці падмяняе ўрад па шмат якіх пытаннях. Рэальную адказнасць за ўсё нясе ўсё ж такі прэзідэнт, які кіруе гэтай сістэмай, а не, напрыклад, Сідорскі, які добра ці кепска выконвае свае абавязкі.

РР: За апошнія некалькі гадоў падставаў казаць пра памылкі ўрада стала больш ці менш у параўнанні з мінулымі гадамі?

- Адназначна сказаць цяжка, бо наш урад працуе найперш для выканання нейкіх палітычных функцый, каб захоўваць палітычную стабільнасць у краіне і г.д. Таму адчуванне крызісу ў беларусаў было моцна сцёрта, бо рабіліся нейкія штучны захады, каб выплочваліся заробкі, каб выраблялася прадукцыя хаця б на склады. Разам з тым, усё гэта праядала фонды прадпрыемстваў, уводзіла іх у крэдыторскую запазычанасць. Таму цяжка сказаць, наколькі гэта было эканамічна мэтазгодна. У выніку прэтэнзіі да нашага ўрада можна мець, але яны выконвалі тое, што ім было загадана.

РР: На вашую думку, ці ёсць такая тэндэнцыя, што былыя беларускія чыноўнікі з’язджаюць у Маскву і становяцца нелаяльнымі да Лукашэнкі?

- Адток беларускіх чыноўнікаў высокага рангу ў Маскву быў і раней. Прыгадаем гісторыю з Іванам Ціцянковым. Гэта можна патлумачыць не толькі цяперашнім станам адносін Беларусі і Расіі, але і тым, што Расія - гэта адна з тых краін, з якімі эканамічна шчыльна звязаныя беларускія эліты. Што тычыцца палітычных рознагалоссяў, то я, шчыра кажучы, не ўпэўнены, што гэта прывядзе да нейкіх выбуховых рэчаў перад прэзідэнцкімі выбарамі. Але шмат у чым цяперашняя сітуацыя нагадвае мне сітуацыю перад выбарамі 2001 года, калі ўзніклі расстрэльныя пісталеты і г.д. Тое, што не магло ўзнікнуць, калі б нейкія юдзі з беларускіх спецслужбаў, або вялікіх чыноўнічых кабінетаў не пачалі верыць у тое, што гэта для чагосьці трэба Маскве і можа быць Масква за гэта будзе ўдзячная. Але наступстваў ад гэтых расстрэльных пісталетаў і іншай інфармацыі, якая выбухнала падчас той выбарчай кампаніі, не было. Я думаю, што зараз таксама спадзявацца на тое, што нашая наменклатура ці нехта з Крамля прыдумаюць, як змяніць сітуацыю, не трэба, гэта не адбудзецца магічным чынам. Гэта будзе ўплываць на працэс, але працэс рухаецца ўсё ж такі ў залежнасці ад беларускіх чыннікаў, якія не паказваюць на сітуацыю рэвалюцыйнай змены элітаў.

Барыс Гарэцкі, Радыё Рацыя.

кадры, Россия, политика, Сидорский, Беларусь, Расія, радыё "Рацыя", правительство

Previous post Next post
Up