Jun 05, 2006 12:36
Цікава, калі паспрабаваць разгледзіць грамадства праз прызму біялагічных законаў, атрымліваюцца даволі сьмешныя рэчы. Зробім такую наўпростую аналёгію, як грамадства=біялагічная папуляцыя. Якія асноўныя характарыстыкі папуляцыі, якія дазваляюць захаваць яе існаваньне? Мутагенез(зьменлівасьць) - атрыманьне новых уласьцівасьцяў, і спадчыннасьць - накіраваная на захаваньне аднароднасьці папуляцыі, фактычна стабілізуе яе.
У такім выпадку функцыю мутагенеза ў грамадстве выконвае мастацтва (Art). Мастацтва стварае новыя ідэі, якія, як і новыя гены, мусяць стварыць магчымасьць выжываньня папуляцыі(грамадства) ў зьменлівых умовах.
Культура (culture) ж мае кансэрватыўную накіраванасьць. Яе мэта - захаваць увесь здабытак папярэдніх пакаленьняў, часам яна нават нагадвае працэс рэплікацыі ДНК.
Выжываньне грамадства (папуляцыі), як адзінкі, залежыць ад таго, наколькі гэтыя дзьве рознанакіраваныя сілы ураўнаважваюць адна адну.
Яшчэ больш узмацняе такую аналёгію факт, што найбольшая зьменлівасць назіраецца ў папуляцыях з добрымі ўмовамі існаваньня, з пазітыўным прыростам.
Так што стары Маккена крыху памыляўся, кажучы пра выратаваньне чалавецтва праз мастацтва і адмоўную ролю культуры. Гэтыя дзьве рознанакіраваныя сілы ня здатныя існаваць паасобна. Галоўнае, хутчэй - баланс, які заўсёды дыктуецца нейкім зьнешнім уплывам.