Ася ПАПЛАЎСКАЯ: Уручыце мяне!

Jan 31, 2011 12:58

Калі госцем маёй аўтарскай перадачы «СучБелЛіт» на NETradio быў кніга- ды музыкараспаўсюднік, мэнеджэр беларускамоўных праектаў Алесь Мазанік, у эфір патэлефанавала слухачка. Прадставілася Ірынай і задала наступнае пытанне: «Ці ёсць у сучаснай беларускай літаратуры праект кшталту штогадовага Букера, што ўручаецца ў Расіі, а цяпер і ў іншых краінах? Ці хаця б задума такая?..» І дадала: «Для папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры гэта было б вельмі добра!». Паколькі не адна Ірына задаецца гэтым (ці падобнага кшталту) пытаннем, прапаную нам з вамі ў ім разабрацца.


Натуральна, не сакрэт, што згаданы Ірынай Букер - адна з самых прэстыжных літаратурных прэмій, што з 1969 года ўручалася ў Вялікабрытаніі за найлепшы англамоўны раман, а з 1992 года - і за раманы, напісаныя па-расійску (так званы «Рускі Букер»). Што да Расіі, то, акрамя «Букера», там існуюць яшчэ літаратурныя прэміі «Антыбукер», «Вялікая кніга» ды іншыя. Усе памянёныя літпрэміі - грашовыя. Гэта, бясспрэчна, і сталася прычынай іх прэстыжнасці, папулярнасці.

Перанясемся ў беларускую літаратурную прастору. У нас таксама ёсць «недзяржаўныя» літаратурныя прэміі. Але ўсе яны: а) сімвалічныя, б) для «сваіх». Тлумачу гэтыя пункты, распавядаючы пра найбольш вядомыя літаратурныя прэміі (дакладная фармулёўка: пра тыя, што на слыху).

«Гліняны Вялес» - самая першая і самая вядомая айчынная літпрэмія. Была заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту - Алесь Аркуш. Менавіта ён гэтай прэміяй нястомна і займаецца: сам складае шорт-ліст найлепшых, на ягоны погляд, мастацкіх кніг за мінулы год, арганізоўвае журы з прафесійных літаратараў, што маюць пэўную вагу і абіраюць пераможцу, а пасля ладзіць у родным Полацку ганаровае ўручэнне прэміі - стода Глінянага Вялеса. «У яго шырокае поле дзейнасці: пачынаючы ад падземнага свету і сканчваючы жывёлагадоўляй, але акрамя таго ён апекаваўся людзьмі культуры», - патлумачыў мне Алесь Аркуш род заняткаў міфічнага Вялеса.

«Залатая літара» - штогадовая суб’ектыўная літаратурная прэмія, якая ўручаецца пісьменнікам Адамам Глобусам за найлепшую кнігу года. Заснаваная прэмія ў 2004 годзе. «Нешматлюднае мерапрыемства традыцыйна адбываецца ў сакавіку, праводзіцца ў маленькіх кавярнях Мінска («Стары Менск», «Акварыюм»)», - пазначана ў Вікіпедыі. Вось такая «прэмія». Адам Глобус сам выбраў пераможцу, пасядзелі ў кавярні, папілі піва - і разышліся. Усе задаволеныя. Акрамя акрэсленай вузкафарматнасці мерапрыемства, варта адзна­чыць, што «Залатую літару» можа атрымаць не толькі аўтар мастацкага твора (кнігі), але і аўтар навуковай манаграфіі (першую «Літару» атрымала Аксана Бязлепкіна за манаграфію «Разам і паасобку: Таварыства «Тутэйшыя»). Варта не забывацца толькі на адну маленькую, але істотную дэталь: каб быць уганараваным Адамам Глобусам, трэба быць ягоным сябрам. Ці хаця б добрым прыяцелем. Памятаем: прэмія - суб’ектыўная…

«Залаты апостраф» - штогадовая прэмія літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў». Уручаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Дэбют». Пра публіцыстаў і крытыкаў рэдакцыя часопіса прыгожа забылася. Але я не губляю надзеі, што дажыву такі да таго дня, калі «Залаты апостраф» зможа атрымаць і брат/сястра па крытычна-публіцыстычным пяры… Абіраюць пераможцу прадстаўнікі рэдакцыйнай рады: галоўны рэдактар Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Эдуард Акулін ды Анатоль Івашчанка. Праўда, апошнім разам выбраць пераможцаў «дазволілася» карыстальнікам «Жывога журнала», але ўсё адно вырак выносяць згаданыя літаратары.

«Блакітны свін» - антыгламурная беларуская літаратурная прэмія суполкі «Літаратурнае прадмесце». Заснавальніца (правільней было б сказаць прыдумляльніца) «прэміі» - Людміла Рублеўская. Прэмія, якую складаюць 100 алоўкаў, 100 насовак (кожны год па-рознаму) уручаецца толькі сябру суполкі «ЛітПрадмесце» за (увага!) нонканфармізм у мастацтве, яркія праекты цягам года… Ці ёсць у прадстаўнікоў памянёнай суполкі нонканфармісцкія закіды - для мяне асабіста пакуль пытанне адкрытае. Людміла Рублеўская лічыць, што ёсць…

Што вынікае з усяго гэтага? А тое і вынікае, пра што я пісала напачатку: сучасныя недзяржаўныя беларускія літаратурныя прэміі: а) сімвалічныя, б) цікавыя для вельмі вузкага кола (тут прыемным выключэннем з’яўляецца толькі аркушаўскі «Гліняны Вялес». Ён не для вельмі вузкага - ён проста для вузкага кола). Натуральна, такі стан рэчаў не дапаможа зрабіць сучасную беларускую літаратуру больш папулярнай, пра што так марыць Ірына…

А што трэба? Грошы, дарагія мае, грошы! На сімвалізме, як вядома, далёка не заедзеш. І не выедзеш. Да людзей. Не выйдзеш.

P.S. Сёлета Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Літаратурным музеем імя Максіма Багдановіча абвясцілі аб заснаванні новай літаратурнай прэміі - Прэміі імя Максіма Багдановіча, якая будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях: проза, паэзія, пераклад. Спіс прэтэндэнтаў на Прэмію за 2010 год фармуецца да 14 лютага 2011 года. Уручэнне адбудзецца ў канцы сакавіка 2011-га. Так што ў вас яшчэ ёсць магчымасць падаць свой твор на разгляд прафесійнаму журы…

Ася Паплаўская, Літаратурная Беларусь

на фота: Алесь Аркуш уручае стод Глінянага Вялеса празаіку Віктару Казько

журналистика, сучбелліт, літаратурная журналістыка

Previous post Next post
Up