Оскар. Стоячы на Беларусі

May 24, 2010 13:00


Пераапрануцца ў сукенку і туфлі, што прывезла з сабой з Менску ў Горадню (спецыяльна для цырымоніі ўзнагароджаньня пераможцаў конкурса маладых журналістаў “Твой стыль”), я не пасьпела: мы з Кацяй Сінюк прыбеглі з кавярні, а пакой, дзе пакінула заплечнік з рэчамі, апынуўся замкнёным.

Калі мы ўзляцелі на другі паверх, вядучыя ўрачыстасьці абвяшчалі: “А цяпер - першае месца ў намінацыі “Твой стыль. Найлепшае інтэрв’ю з цікавай асобай”! Пісаць пра беларускую літаратуру цікава - можна! Прыклад гэтаму - артыкул Асі Паплаўскай “Каб бачыць дзівосы, трэба самому быць дзівам. За кубкам гарбаты з Валерыяй Куставай”!

Я, цьмяна ўсьведамляючы, што трэба рабіць і каму ўсьміхацца (бо думкі ў галаве прыкладна такія: “Капец! У заплечніку - вячэрняя сукенка і абцасы, а я выходжу па ўзнагароду пацанёнкам-абарванцам!..”), выпаўзаю пад зацікаўленыя позіркі ўдзельнікаў фестываля ды аб’ектывы фотакамер…

Мне цісьне руку сябра БАЖу (Беларуская асацыяцыя журналістаў), уручае дымлом і “Оскар” (статуэтка чалавека, які стаіць на Беларусі і годна трымае асадку з лагатыпам “Твайго стылю”), выказвае спадзяваньне, што я напішу шчэ не адно класнае інтэрв’ю, запрашае далучацца да сям’і БАЖаўцаў. Я дзякую, абяцаю: будуць цікавыя гутаркі, да БАЖу далучуся. І - зьбягаю.

Вядучы Алесь просіць мяне вярнуцца, бо гэта яшчэ ня ўсё! Мяне чакае стажыроўка на тэлевізіі “Белсат” у “Аб’ектыве”… Шчыра дзякую (па праўдзе, я была шакаваная), цісну руку прадстаўніку Белсату Паўлу Мажэйку і з палёгкай зьбягаю на калідор…

Але - і гэта ня ўсё! Апынаецца, спонсарам намінацыі “Твой стыль. Інтэрв’ю з цікавай асобай” была Гарадзенская бібліятэка. Ад іх мяне чакаў прыз-сюрпрыз: аж 9 кніг! Ды не абы-якіх, а аго-го (выданьні, што выйшлі цягам апошніх трох гадоў)! Кнігі тыя агулам важаць кілаграмаў 20, ня менш… І тут, усьведамляючы, што мне давядзецца гэты хоць прыемны, карысны і дарэчны, але цяжар, валачы ў Менск, у мяне пачынаецца прыступ сьмеху. Я рагачу і не магу спыніцца.

Праз хвіліны тры, калі я зразумела, што кнігі можна закінуць у машыну Глеба Лабадзенкі, а пасьля ў Менску іх забраць, я крыху супакоілася. Але сьмех усё адно мяне разьдзіраў: у папярэдн дзень, калі гэтыя самыя выданьні выстаўляліся на стэлажы, я падыйшла і жартам сказала: “О будзе прыкол, калі іх мне ўручаць у якасьці прыза!” І атрымала! Мо, мне іх падарылі таму, што я літаратурны журналіст?.. Шкада толькі, што кнігі мне ўручылі не разам з дыпломам ды Оскарам: было б забаўна :)

З часткай маіх падарункаў я выглядаю так:




ЗЫ: інтэрв'ю, якое заняло першае месца:: “Каб бачыць дзівосы - трэба самому быць дзівам” (за кубкам гарбаты з Валерыяй Куставай)

Гродно, журналистика, путешествие, netradio, літаратурная журналістыка, інтэрв'ю

Previous post Next post
Up