Былы ўдзельнік Gurzuf Ягор Забелаў прэзентуе ў Мінску новы праект Развітаўшыся з бубначом Арцёмам Залескім, баяніст вырашыў паставіць на паўзу музычныя эксперыменты і зацікавіўся танцавальнай электроннай музыкай.
Культавы польскі мульціінструменталіст Уладзімір “Кінёр” Кінёрскі (Wlodimerz Keniorski) ды авангардны беларускі баяніст Ягор Забелаў аб’ядналіся ў дуэт, музыку для якога пішуць разам. Новы стыль атрымаў назву “флэп-арт”, а аснову творчасці дуэта складае жывая музыка з электроннымі дадаткамі. Кінёр - аматар імправізацыі, кожны выступ ён ператварае ў паўнавартасны перфоманс.
“Я і сам не ведаю, чаго ад яго чакаць! - дзеліцца ўражаннямі пра новага калегуЯгор Забелаў. - У мяне дрыжаць каленкі, калі я пачынаю думаць пра наш мінскі канцэрт! У гэтым праекце я адыходжу ад сваёй стылістыкі крыху ў бок, вядуся на прапановы. Гэтая музыка менш эксперыментальная, але больш танцавальная, у ёй шмат імправізацыі. А ў сваёй творчасці я стараюся прытрымлівацца акрэсленых форм, таму мне цікава паспрабаваць нешта іншае”.
Уладзімір Кінёрскі паспеў паспрабаваць сябе ў розных жанрах. Граў этна-музыку, джаз, а цяпер зацікавіўся электронікай. Дуэт ужо даў некалькі паспяховых канцэртаў у Польшчы, а падчас фестывалю “Можно!” 11-га траўня праект будзе ўпершыню прэзентаваны ў мінскім клубе Re:Public.