Калі з адвакацкай калегіі выгналі Паўла Сапелку, тым самым пазбавіўшы яго практыкі і працы, доўга думаў, што б успомніць з стасункаў з гэтым прыемным чалавекам. Дапамагла жонка Марына.
Спадар Сапелка абараняў у судах мяне і маіх сяброў. Абараняў, наколькі гэта было можна. Я заўсёды думаў, як жа цяжка сумленнаму адвакату ісьці на працу ў РБ. Ісьці на працу і ведаць, што працэс ты не выйграеш. І не таму, што падапечны злачынец, а таму, што правасудзьдзя, якому ты служыш, у гэтай краіне няма.
Аднойчы напярэдадні дня Волі мяне затрымалі і абвінавацілі як і ўсіх у тым, што я хуліганьнічаў ва ўласнай кватэры зачыніўшыся на пяць замкоў. Мне па хуткаму далі пяць сутак і павялі ў варанок. Жонка, я ды і сябры ў прынцыпе былі задаволеныя прысудам, бо 5 не 15. Як кажуць, і дзякуй Богу. А Павел смутна ўслых зазначыў, як бы сам сабе: "Сёньня мы радуемся, што нявіннаму чалавеку далі 5 сутак а не 15, а заўтра будзем віншаваць адзін аднога, што каму-небудзь іншаму з апазіцыі дадуць "з-паветра" 5 гадоў а не 15, ці не дай Бог не растраляюць."
І здаецца мне, што напярэдадні судоў над некаторымі кандыдатамі ў прэзідэнты, словы Сапелкі стануць, на жаль, прароцкімі.