May 01, 2009 18:07
Чым больш бываю на канферэнцыях рознага ўзроўню, тым больш пераконваюся, што значная колькасць выступоўцаў абсалютна не ўмее (ці не хоча) рабіць цікавыя даклады. Прычым, гэта тычыцца ў большай ступені не маладых навукоўцаў, а - пры ўсёй маёй павазе да іх - "свяцілаў" ад навукі. Стаіць за трыбунай чалавек, абвешаны рэгаліямі і тытуламі, і, не адрываючы вачэй ад стоса спісаных аркушаў, манатонна, без аніякіх інтанацый чытае свой даклад. Пяць хвілін, дзесяць... паўгадзіны. Усе намаганні "чэсна" сачыць за ходам думкі - як жа ж, знакаміты вучоны выступае! - хвіліне на восьмай пачынаюць цярпець няўдачу. Цішком азіраешся - можа ты тут адзін такі недарэка? Ды не, бачыш, як людзі наўкола таксама маюцца ад самоты і сумленна спрабуюць рабіць зацікаўлены выгляд.
Пры гэтым тэксты дакладаў - змястоўныя, сур'ёзныя, сапраўды цікавыя. Але ж падача іх...
Я студэнтаў з першага курса адвучаю рабіць даклады такім чынам, а тут - акадэмікі...
Цікава, ці то гэта проста абыякавасць да аўдыторыі, ці то з гадамі замацаваная звычка, ці яшчэ што?
навука