Спачатку была доўгая дарога - шэсць гадзін ад Полацка да Гародні. Потым - усяго нічога на саму Гародню. Назад ехалі больш сямі гадзін. Зразумела, у такія вандроўкі на адзін дзень выпраўляцца не варта, але так склаліся абставіны...
Пабачыць, канешне, удалося няшмат. Фактычна, толькі гістарычны цэнтр. І то - амаль усё на бягу.
Тым не менш… Гародня адкрывалася мне нанова (першы раз гэта было больш дзесяці год назад і амаль нічога ў памяці з той паездкі не засталося).
Фарны Касцёл. Вока, больш прывычнае да стромкага ўзлёту барочных вежаў Сафійкі, адзначала большую масіўнасць канструкцыі, яскравыя гарызанталі . Тым не менш, белыя вежы ў сінім-сінім небе глядзеліся незвычайна прыгожа, касцёл прыцягваў позірк зноў і зноў.
Стары замак. Узгадалася, як у першую паездку спявалі тут вяснянкі, стоячы на рэштках муроў над стромым берагам Нёмана. Цяпер жадання залезці туды не ўзнікла :)
Музей гісторыі і прыроды. Спалоханыя твары касірак, калі наша група ў 50 чалавек туды завалілася і - о, жах! - не стала заказваць экскурсію. Зрэшты, большая частка студэнтаў рынулася аглядаць не асноўную экспазіцыю, а выставу сярэдневечных прылад катавання, хоць кошт яе быў у два разы большы.
Ну, затое нам можна было спакойна і без штурханіны разгледзець усе экспанаты стацыянарнай выставы. У цэлым яна падалася даволі стандартнай - тая ж археалогія, этнаграфія, партызанка, што і ў Полацку, Віцебску, Лепелі.
Тым не меней, некаторыя рэчы прыцягнулі ўвагу. Напрыклад, аб’ёмныя мадэлі, у якіх зафіксаваны сцэнкі з жыцця першабытнага чалавека (асабліва Краснасельскія шахты). Мамантавыя костачкі. Копія Збручскага ідала ў натуральную велічыню.
У зале этнаграфіі, я, зразумела, завісла надоўга. Тут і архаічныя кросны на ставах, і саламяныя царскія вароты, і шэра-белыя панямонскія ручнікі, і чорназадымленая кераміка.
Астатняе прыйшлося разглядаць літаральна на бягу. А ў музеі прыроды ўвогуле не хацелася спыняцца. Хоць і цікава было б пабачыць звяроў, якіх мо і не сустрэнеш “ужывую”, але патыхае там нейкай ... мерцвячынай. (Такое ж, дарэчы, адчуванне ў мяне было і ў Музеі Бярэзінскага запаведніка, і ў Лепельскім краязнаўчым. Нешта ёсць страшнае ў гэтых чучалах).
Мосцік праз Гараднічанку. Парк, заліты сонцам (з надвор’ем увогуле пашанцавала неверагодна - гэта быў адзін з апошніх цёплых і ясных дзён залатой восені).
Каложа. Пад яе сценамі прыйшло дзіўнае адчуванне, якое немагчыма перадаць словамі. Нешта падобнае адчувалася ля полацкай царквы Святога Спаса і на гарадзішчы днепра-дзвінцаў у Прудніках на Мёршчыне (ля яго мы капалі селішча на практыцы пасля першага курса, а вечарамі лазілі туды назіраць заход сонца). Мабыць, вось так і адчуваеш повязь стагоддзяў. Гладкі камень на дотык быў халодным, а шурпатая плінфа - цёплай
Наберажная Нёмана. Пры невялікай працы фантазіі няцяжка ўявіць, што ты - у Полацку.
У тыя крошкі часу, якія заставаліся - нядоўгі шпацыр па пешаходнай брукаванай вуліцы Савецкай. Здзіўленне з нагоды адсутнасці больш-менш арыгінальных сувеніраў і недаўменне ад машын, якія перыядычна праязджалі па пешаходнай вуліцы. А яшчэ - вось такі сімпатычны дэкор з загадкавай семантыкай
Падчас усіх гэтых блуканняў не пакідала ўражанне, што навокал нечага не хапае. У рэшце рэшт, стала зразумела, чаго - звыклых будынкаў найноўшай архітэктуры. Нідзе не трапляліся шэрыя шматпавярховікі і мадэновыя шкляныя сцены.
Хаця, трэба заўважыць, што многія са старых дамоў знаходзяцца ў не вельмі добрым стане.
Назад вярталіся праз Іўе, Гальшаны, Крэва, Смаргонь, Вялейку. Іўе было апошнім мястэчкам, якое яшчэ было бачна ў паўзмроку. Уразіла колькасць цяпліц ля тамтэйшых хат і зусім ужо нязвыклая ў нашых хрысціянскіх краях вежа з паўмесяцам. А ўсё астатняе патанула ў кастрычніцкай цемры і было вельмі шкада, што нельга нічога разгледзець у “тым самым Крэве” і "тых самых Гальшанах". Фары аўтобуса выхоплівалі толькі чысценькія вуліцы заходнебеларускіх мястэчак ды сцены касцёлаў.
Такая вось атрымалася вандроўка... Час у дарозе, праўда, быў утрая большы за час самой экскурсіі. Але Гародня была таго вартая...