Была сягоння на працы. Прыняла 6 курсавых. Лета як і не было, быццам той час, які яму належыць, праваліўся ў бездань - настолькі ўсё нагадвае канец навучальнага года. Тыя ж заклапочаныя студэнты з "хвастамі", адна толькі розніца, што цяпер у іх апошні шанец не вылецець з універсітэта. Тыя ж заваленыя працай лабаранты. Тыя ж размовы - пра нагрузку ды пра выкладанне.
Быццам і не было гэтай спёкі, прыгаршчаў спелых малін, яркіх кветак на клумбе ля хаты, буслінага клёкату над полем. Але ж... нездарма сказана, што лета - гэта маленькае жыццё, і кожнае - непадобнае на папярэдняе, кожнае пакідае адметныя ўражанні, дорыць новыя сустрэчы. Лета заўсёды ўспрымаецца інакш, чым іншыя поры года, зусім не проста як чарговы сезон і змена дэкарацый. І сярод усіх пераходаў менавіта пераход ад лета да восені - самы тужлівы і самы ўзнёслы...
![](http://pics.livejournal.com/pani_teklia/pic/000dzh4c/s320x240)