* * *

Feb 27, 2016 11:09

Хто толькі не імкнецца ўлезці ў наша жыццё з дапамогай тэлефона. То Сведкі Іеговы (з імі муж любіць па сорак хвілін весці рэлігійна-філасофскія дыскусіі, пасля чаго яны павінны назаўсёды занесці наш нумар у чорны спіс, але ж не, працягваюць названьваць). То паненка з Арыфлейму радасна паведамляе што я выйграла нейкі там прыз (што і адкуль узялося, я ж у тым Арыфлейме ні сном ні духам), і настойліва запрашае прыйсці за ім. То малады чалавек  выказвае занепакоенасць якасцю водаправоднай вады і прапануе правесці яе аналіз (сумніўныя фільтры будуць "втюхивать", ясная справа). А апошнія некалькі тыдняў нас дастае нейкая фірма па ўстаноўцы вокнаў. Спачатку былі званкі на кватэрны тэлефон. Маўляў, у вашым раёне будзе працаваць спецыяліст, гатовы пракансультаваць вас па ўсіх пытаннях. Мы ветліва адмаўлялі, спасылаючыся на недахоп часу, адсутнасць нас у гэты дзень дома і іншае. Учора патэлефанавалі на мабільны. Пытанне: хто зліў ім базу нумароў з прозвішчамі і адрасамі? То бок адкуль яны ведаюць, што гаспадар канкрэтнага нумара пражывае ў канкрэтным раёне горада?
Цяпер ужо без усялякіх ветлівых адмоваў прыйшлося простым тэкстам сказаць, што мы не маем патрэбы ў іх паслугах. Бо рэальна задзяўблі.

Ці звярталі вы калі-небудзь увагу, якім чынам будуюць камунікацыю прадстаўнікі падобных навязлівых фірмаў? Яны не пытаюцца, ці цікава нам гэта, не просяць дазволу адняць у нас некалькі хвілін часу, не ўдакладняюць, ці згодныя мы прыняць іхняга спецыяліста. Яны ставяць перад фактам: да вас прыйдзе спецыяліст, скажыце, калі вы будзеце дома. І ўсё гэта падаецца як унікальны шанец, які выпадае толькі абраным.

Неяк раней на вуліцы перыядычна чапляліся з прапановай запісацца на ўнікальную дыягностыку арганізма (засталося толькі тры месцы!  апошні шанец! - і так некалькі тыдняў запар). У паштовую скрыню перыядычна кідаюць газетку пра "Чудодейственные силы природы", дзе прапануецца набыць цуда-сродак ад усіх хваробаў адразу (спяшайцеся! колькасць тавару абмежаваная!).

Раздражняе. А людзі ж вераць (асабліва пажылыя), купляюць цуда-лекі і цуда-фільтры. А потым перажываюць, бо аддалі немалыя грошы невядома за што.

жыццё-быццё, грамадскае

Previous post Next post
Up