Хачу пазнаёміць вас з насельнікамі сваёй лоджыі :)
Петуніі жывуць у мяне кожны год. Праўда, марокі з імі многа, калі з насення вырошчваць. Насенне тое - амаль нябачнае звычайным вокам. Пакуль з гэтых макулінак нешта годнае вырасце - колькі трэба вазіцца... Кожнага разу заракаюся - лепей гатовай расады набыць, і ўсё роўна ў сакавіку набываю яркі пакуначак з насеннем і пачынаецца...
Вось гэтая - ампельная - добра зарэкамендавала сябе ў мінулым годзе, вырашыла рэшту насення вырасціць і сёлета.
Кветачкі з аднаго куста з цягам часу змяняюць колер.
А гэтую набыла сёлета (сумесь "Гларыёза F1", каму цікава). З усяго пакуначка насення - а было іх там цэлых 8 штук))) - узыйшло 2. Адна вось такая:
Добра, што паспела сфатаграфаваць. Бо потым, перастаўляючы з месца на месца, выпадкова адламала ёй галаву :( Не ведаю, ці будуць яшчэ на ёй кветкі...
Другая ж - вось такіх пяшчотных адценняў:
А гэта - родзіч петуніі, называецца калібрахоа. Яго набывала ўжо расадай. Цётачка на рынку абяцала пышнае квітненне, якога, на жаль, пакуль што не назіраецца. Сціпла выганяе па адной кветачцы.