Памежны час, якім ёсць Каляды, як нельга лепей падыходзіць, каб запытацца ў звышнатуральных сілаў аб тым, што чакае ў будучым годзе. І калі старэйшых у большай ступені цікавілі прыкметы і варожбы, звязаныя з гаспадаркай, то моладзь, вядома ж, непакоіла пытанне асабістага лёсу.
Таму большая колькасць моладзевых варожбаў на Каляды зводзілася, па сутнасці, да аднаго: даведацца, ці чакае ў наступным годзе замужжа ці жаніцьба, якога характару, выгляду, маёмаснага стану будзе меркаваны сужэнец. Асабліва актыўна варажылі дзяўчаты, аднак даволі часта сустракаюцца і хлапечыя варожбы. Спосабы варажбы былі самымі разнастайнымі ў плане "тэхнікі" і выкарыстання спадручных прадметаў.
Першае, што неабходна было высветліць - ці варта ўвогуле чакаць у новым годзе такой падзеі, як вяселле. Здабыць гэтую інфармацыю можна было, падлухоўваючы пад вокнамі. З пачутага меркавалі аб будучыні. Так, калі ў хаце кагосьці выпраўлялі некуды ісці, то для дзяўчыны гэта азначала, што хутка яна пойдзе замуж. Калі ж з хаты чулася просьба пасядзець, застацца - адпаведна, і дзяўчына мусіла ў гэтым годзе "сядзець" у дзеўках.
Таксама ў варожбах падобнага зместу актыўна выкарыстоўвалася сімволіка цотнасці-няцотнасці. Лічылі прынесеныя (украдзеныя ў суседзяў) дровы, трэскі, колькасць абнятых калоў у плоце
Шмат было варожбаў, што інфармавалі аб лёсе праз апазіцыю мужчынскае/жаночае. Чакалі на ростанях, ля лункі з вадой, хто першы сустрэнецца. Калі дзяўчаты сустракалі мужчыну, значыць замуж у наступным годзе выйдуць, калі жанчыну - застануцца яшчэ ў дзеўках. Імя спатканага таксама магло ўказваць на імя будучага сужэнца. З той жа мэтай - высветліць шлюбныя перспектывы - ішлі ў хлеў і лавілі там жывёлу. Як баран трапіцца - муж "знойдзецца", як авечка - то не.
Дзявочую грамаду, безумоўна, цікавіла і пытанне - хто ж з яе шэрагаў першай зменіць вянок на хустку. Збіралі абутак і перастаўлялі яго па чарзе ад покуці да парога - чый чаравік першы "ўзберацца" на парог, той першай і вяселле гуляць. Кідаі ў дзежку бабовыя зерні і трэслі - чыё першае выпадзе. Кідалі сабаку аладкі - чыю першую з'есць. Сыпалі кучкі зерня перад пеўнем - чыю першую пачне кляваць.
Устанавіўшы верагоднасць уступлення ў шлюб, высвятлялі, з якога боку з'явіцца "шлюбавая доля". Так, дзяўчына, вымеўшы смецце і вынесшы яго на сметнік, павінна была слухаць, з якога боку забрэшуць сабакі - адтуль і сваты прыедуць. Іншы варыянт прадпісвае выбягаць для гэтай мэты на ростані, пры гэтым неабходна есці першы спечаны блін ці хаця б кавалак хлеба. У найбольш экзатычнай разнавіднасці гэтай варажбы патрабавалася ўзяць у зубы костку, што засталася пасля вячэры на Шчодрую Куццю, верхам на памяле выехаць за ваколіцу і стаць на тым месцы, дзе смалілі да свята свіней.
Высветліць, з якога боку будзе жаніх, і куды, адпаведна, давядзецца ісці замуж, можна было і па-іншаму. Напрыклад, паставіць на зямлі кій ці кол і глядзець, у які бок ён упадзе. Або перакідваць цераз хату абутак - куды наском ляжа, ці дровы - у які бок паляцяць.
Мноства спосабаў існавала для вызначэння асабістых якасцей і вартасцей будучага сужэнца. Так, дзяўчаты, перабіраючы калы ў плоце, прыгаворвалі - "то кол - то калец, то кавалер - то ўдавец", а хлопцы, адпаведна "то тын - то тыніна, то ўдава - то дзяўчына". На што выпадаў апошні кол - таго і варта было чакаць.
Замужняя жанчына трымала пад накрыўкаю розныя рэчы,а дзяўчаты па чарзе іх даставалі. Хлеб азначаў жаніха багатага, пярсцёнак - прыгожага, шчотка - злоснага, шыла -шаўца, іголка - краўца.
Іншы спосаб - рэчы хавалі пад міскамі, якія дзяўчаты па чарзе падымалі, або пад шапкай. Так, кветка прадказвала, што сёлета жаніха чакаць не варта, пацеркі - што ўвогуле застанешся ў векавухах, чапец - хуткае замужжа на працягу году, ключ - гаспадарлівасць будучай жонкі, грошы - багацце, вугаль - смерць, чарка - мужа-п'яніцу, ну а лялька - нараджэнне дзіця па-за шлюбам.
Аб нораве будучых мужа, свёкра, свекрыві, даведваліся, кідаючы ў ваду камяні. Калі яны падалі ціха - значыць, будуць спакойныя, калі з шумам - злосныя і бурклівыя.
Нарэшце, - і гэта, відаць, было самым спакуслівым - варожбы дазвалялі ўбачыць будучага мужа ці жонку. Так, можна было глядзець на полымя свечкі праз пярсцёнак, або ўкінуць пярсцёнак у шклянку з вадою,пастаўленую на люстэрка, і глядзець туды апоўначы. А яшчэ можна было пабачыць суджанага ў сне. Але для гэтага патрабавалася выканаць некалькі адмысловых дзеянняў. Напрыклад, пакласці пад галаву першую лыжку куцці, грабеньчык ці ручнік з мылам, або зрабіць адмысловы "мосцік" з трэсачкі ці галінкі над пасудзінай з вадой. Хто ў сне прыходзіў прычэсвацца, ўмывацца або пераводзіць праз масток, той, адпаведна, і мусіў быць суджаным.
Традыцыя калядных варожбаў не толькі аказалася даволі ўстолівай, але і ўзбагацілася з цягам часу за кошт новых спосабаў выведвання свайго лёсу.
Так, зараз, замест таго, каб пытацца імя ў першага сустрэчнага на вуліцы, набіраюць адвольны тэлефонны нумар (хаця гэта і можа быць палічана за тэлефоннае хулінганства)). Агульнавядомымі працягваюць заставацца ліццё воску на ваду, варажба з двума люстэркамі і свечкамі, а таксама паперкі з імёнамі патэнцыйных жаніхоў, якія на ноч кладуцца пад падушку (прачнуўшчыся перш-наперш трэба выцягнуць адну з іх і такім чынам даведацца пра імя будучага мужа).
А вам даводзілася варажыць? Якім спосабам, і ці збывалася наварожанае?