Калядныя персанажы: Святы Мікалай.

Dec 02, 2011 15:00

У шэрагу еўрапейскіх краін вобраз Св. Мікалая не так моцна трансфармаваўся, як амерыканскі Санта-Клаус. У Галандыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі ён выступае ў якасці самастойнага персанажа, які выконвае ўсё тую ж "падарункава-выхаваўчую" функцыю. Пры гэтым падарункі ён прыносіць не на само Раство, а менавіта ў "свой" дзень - 6 снежня. У многіх мясцінах гэты дзень адзначаецца як "старт" калядных урачыстасцей. Цікава, што побач з Св. Мікалаем у якасці калядна-навагодніх персанажаў фігуруюць і іншыя істоты, пры гэтым часам яны "дзеляць сферы ўплыву", з'яўляючыся на розных этапах калядных святкаванняў.


Галандыя. Сінтэрклаас.


Сінтэрклаас прыходзіць не адзін, а са сваім слугой - Чорным Пітам. Прычым сваё ўрачыстае шэсце па краіне галандскі дзед распачынае ажно ў сярэдзіне лістапада. Прыязджае ён з Іспаніі. У многіх гарадах і вёсках наладжваюцца ўрачыстыя шэсці Сінтэрклаасаў.


На працягу наступных тыдняў Сінтэрклаас з Пітам наведваюць дзяцей, высвятляючы, хто як сябе паводзіў. Дзеці ж кладуць у свой абутак лісткі з пажаданнямі, а таксама сена і моркаўку для каня, на якім едзе дзядуля. А раніцой 6 снежня знаходзяць там жа маленькія падарункі.

Германія. Нікалаус.
Увечары дзеці чысцяць абутак і ставяць яго ля дзвярэй. Яны чакаюць, што добры святы пакладзе у яго падарунак (па традыцыі гэта розныя прысмакі). Аднак Нікалаус адорвае толькі добрых дзяцей, а непаслухмяныя рызыкуюць адшукаць у сваім чаравічку толькі галінку дрэва, якая намякае на розгі. У Нікалауса ёсць змрочны памочнік - Кнехт Рупрэхт, які носіць розгі і спецыяльную кнігу, дзе і запісана, ўласна, усё аб паводзінах дзяцей.



Чэхія. Мікулаш.
Святы Мікулаш у Чэхіі вельмі папулярны. Ён таксама ходзіць па хатах і разносіць падарункі. Суправаджаюць яго анёл і чарцяня са спісамі добрых і непаслухмяных дзетак. Адпаведна, добрыя дзеткі атрымліваюць пачастункі, а непаслухмяныя - вугельчык ці бульбіну. Зрэшты, cітуацыю можна выправіць, калі расказаць Мікулашу вершык ці праспяваць песеньку.



Дарэчы, на само Раство чэшскім дзецям прыносіць падарункі ужо не Мікулаш, а Ежышак. Але ён вельмі сціплы, ніхто ніколі яго не бачыў, а таму невядома, як ён выглядае :)

Польшча. Мікалай.
У Польшчы Мікалайкі - таксама папулярнае свята. Тут увогуле культ Святога надзвычай распаўсюджаны (на тэрыторыі краіны больш 300 касцёлаў носяць яго найменне). Святы Мікалай кладзе падарункі пад падушку.
На традыцыйных выявах Св. Мікалай апрануты ў біскупскае адзенне і галаўны ўбор. Але сучасны вобраз, наколькі можна меркаваць, зведаў вельмі моцны ўплыў Санта Клауса...





Mikołajki - historia Świętego Mikołaja;
Рождество в Голландии;
Рождество и Новый год в Чехии
Добрый Николаус стучит в дверь ко мне;
День Святого Николауса - праздник кнута и пряника;
Mikuláš a jeho družina očima čtenářů Blesk.cz;
Parafia św. Mikołaja Biskupa we Wleniu;
Чешское Рождество: море подарков;
Деды Морозы разных стран;
О новогодних волшебниках;
День Святого Николая. Путешествие в католические страны ;

свята, падарункі, традыцыя, Каляды

Previous post Next post
Up