Гуканне вясны адбывалася ў Вязынцы, на тэрыторыі сядзібы-музея Янкі Купалы.
Вось цікава: на машыне мы ехалі праз усю Вязынку і пасля, паставіўшы машыну, доўга ішлі па маляўнічай дарозе, па мастах (Санька адразу сказаў: «А давай сюды кожны дзень ездзіць!»), - а вось ад чыгунцы да музея літаральна два крокі.
Пачынаючы з экспедыцыі па Віліі шляхам Тышкевіча, такія мерапрыемствы здаюцца мне нейкім своеасаблівым філіялам экспедыцыі - тыя ж спевы, тыя ж скокі, тая ж музыка і амаль тыя ж людзі. Ну, не ўсе, вядома, але сапраўды шмат знаёмых. Нічога дзіўнага, калі падумаць… Сустрэлі Славу Раковіча, Таццяну Матафонаву з сынам Адамам, Соф'іным сябрам па экспедыцыі, знакамітага краязнаўцу Алега Гайдукевіча.
Прыемна было бачыць дзяўчын з дзеткамі ў слінгах. Некаторыя з іх нават таньчылі разам з малымі!
Я ледзь не купіла сабе цудоўныя шкляныя завушніцы…