Некалькі гадоў таму закінула гэты блог, а тут апанавала настальгія, і я раптам вырашыла паспрабаваць яго аднавіць.
Фатаздымак для прыцягнення ўвагі :)
Сёння пачну расказваць пра нашае падарожжа ў Тайланд. Жаданне з'ехаць на пару (а тое і тройку месяцаў) выспявала паступова, віза была зроблена загаддя, але канчатковае рашэнне (ехаць!) зрабілі ў апошні момант.
2 квіткі да Бангкока, бронь гатэля на 2 дні ў Патаі, 2 сумкі і мы гатовыя да прыгод :) Астатняе вырашым на месцы. А прыгоды не прымусілі сябе чакаць і пачаліся акурат у аэрапорце. Там нам паведамілі, што Абу Дабі (дзе мы мелі 2-х гадзінную перасадку) не прымае, і наш самалет затрыманы на 2,5 гадзіны. Як высветлілася пазней гэта значыць, што перасадка буде не 2-х гадзіннай, а прыкладна 12-ці гадзіннай з начоўкай у гасцінным аэрапорце Абу Дабі, пад завязку забітым такімі жа шчасліўчыкамі, як і мы :)
Ну што ж, такое здараецца. І вось Абу Дабі сустракае. З першага погляду здаецца, што яблыку няма дзе ўпасці, але добра пашукаўшы, можна знайсці вольныя месцы, нават з разеткамі і інтэрнэтам.
Зраніцы рушым далей да Бангкока. Міжнародны аэрапорт Бангкока супер зручны і вельмі прасторны, усе зразумела без лішніх пытанняў. Але тут аказваецца, што адна з 2-х нашых сумак да Бангкока не даехала. Трэба адзначыць, што не толькі наша, у чаргу афармлення згубленага багажа выстраілася чалавек 40. Пакідаем наш адрас у Патаі і ідзем шукаць аўтобус. Падарожжа толькі пачынаецца...
Працяг будзе... Магчыма :)