Большасьць з нас успрымае цэглу як будаўнічы матэрыял, ці, калі гэта кавалак цаглінкі, як будаўнічае сьмецьце. Я ж хачу вам распавесьці пра цэглу, як сьлед у гісторыі, як носьбіт гістарычнай інфармацыі. Якую ж інфармацыю можа падаць цаглінка ? Па-першае гэта спосаб вытворчасьці. Адзін са старыйшых спосабаў вырабу цэглы - драўляная рамка утрамбоўвалася глінаю, лішак здымаўсы адмысловым шкрабком, ці матузком, часам майстар, дзеля найлепшага сцэпу радоў пры кладцы, праводзіў пальцамі ўздоўж пасьцелі цэглы, ці з кута ў кут цагліны (г. зв. пальчатка). Затым цыгла выймалася з рамкі й мусіла пэўны час падсыхаць. У гэты час пачыналася наступная гісторыя - гісторыя адбіткаў, клейм. Мы можам пабачыць цэлу з адбіткамі лап кацяняці, ці іншых кашачых, капытаў дзікіх парасят, ці казьлянят, дзікоў, касуль ці коз, сабак, ваўкоў і нават нагі малога дзіцяці (на тэрыторыі Беларусі знаходзілі такую цаглінку). У часы Вітаўта майстры наносілі розныя знакі (зоркі, свастыкі). У пазьнейшыя часы уладальнікі цагельняў сталі ставіць штампы з пазначэньнем ініцыялаў, а пасьля й прозьвішчаў уладальнікаў заводаў й месцам іх знаходжаньня, ці сваімі ўлюбёнымі месцамі : Paris, London… . Затым цэгла абпальвалася ў адмысловай печы й пачыналася іншая гісторыя - гісторыя гандлёвых шляхоў. Так цэгла вырабленая на цагельні Ваўржына на тэрыторыі Польшчы трапіла ў Берасьце й была выкарыстана пры будоўлі калоніі Варбурга (нажаль амаль цалкам страчанай горадам), ці цэгла вырабленая на цагельні Томаша Главацкага ў польскім Астраўцы ці, напрыклад, цаглінка з Баровічскага цаглянага заводу, што вядзе гісторыю ад 1855 года, калі с-р Нобель заснаваў у Наўгародзкай губерні цагельню, што ў Расейскай імпэрыі трапляла ў Берасьце й выкарыстоўваліся пры кладцы маёй грубкі.