Запіскі капатыча!

Dec 11, 2013 19:46

Зіма не сьпяшаецца і я сьпяшаюся скарыстацца нагодаю й зноўку ў лесе. Прабягаюся па ўскрайку поле, дзе мінулы раз знайшоў шэсьць барацінак й пяць капеяк масковіі. Глуха. Далей у лес. Сёньня хачу палазіць па лесе й паспрабаваць знайсьці рэдуты (кажуць, што дзесьці ў гэтых мясьцінах ёсьць). Прыглядваюся да высокіх старых дрэваў, пагоркаў й прабіраюся праз хмызьняк й ажыньнік. Натрапіў на чыюсьці нару. Па паху штосьці сабачае. На ўсялякі выпадак празвоньваю пясок вакол двух уваходаў, нічога. Прабіраюся далей, нейкі роў. Пішчыць - гузік з зоркаю, падаецца ўжо пазьнейшых савецкіх часоў. Мэтрах ў пяцідзесяці ад поля знаходжу барацінку. Заўважаю, што хаджу па коле, бо зноўку ў поле зроку трапляе тая ж нара.
Ламлюся далей. Лес ня надта вялікі й побач зь вёскай, што ускладняе пошукі, бо хапае сьмецьця. Вось гільза першай сусьветнай, савецкая адна капейка пасьлярэформавая. Трапляю яшчэ на адную нару (тут запаснога выйсьця ня відаць), а вось і тройка касуль прабегла па беразе рэчкі й збочыла ў лес. Бадзяюся далей па лесе. Медны абручык, троху дэфармаваны. Вакол глуха. Надакучыла, тым больш, што трапляюцца грыбнікі, рыбак. Зьбіраюся й на прыпынак.
Цікава, што ўжо трэці раз ў гэтых мясьцінах й знаходжу што заўгодна, але практычна нічога з таго, што мяне сюды прывяло. А тут быў вялікі бой паўстанцаў Касьцюшкі з войскамі Суворава. І хоць паўстанцы адышлі, але расейскія карныя войскі панесьлі вялізныя страты й амаль іх не перасьледавалі. Назваць пераможцам ў гэтай бітве Суворава, ня ёсьць праўдаю.
Вельмі хацелася б знайсьці што з паўстанцкіх артэфактаў. Думаю навесну я сюды яшчэ вярнуся.

Закрыцьцё сэзону. Усё там жа. Зіма. На вуліцы невялічкі мароз, але даволі моцны й халодны вецер. Датагож зямля засланая пятнаццацісантымэтровым слоям сьнегу. Цяжкавата ў такіх умовах штосьці знайсьці. Але ж спрабуем. Ісьці недалёка адзін ад аднога не дазваляюць шукачы, рэагуюць адзін на аднога. Троху разьбягаемся. Фальга, дрот, сябар знаходзіць пяцьдзесят юбілейных капеяк саветаў 1967 году, а я патрон, думаю пэрыяду другой сусьветнай. Выходзім на палянку, далей праз лясок на іншае поле. Зноўку манэта ў сябра - адна капейка тых жа саветаў. Яж нейкія жалязякі, а вось, падаецца, й кавалак ядра.
Халодна. Ногі дубеюць. Прабіраемся да самаходу. Сэзон 2013 - закрыты!

Запіскі капатыча, Адпачынак!, Валацуга!

Previous post Next post
Up