Паднябесная атакуе

Aug 25, 2007 19:12


"Еўрарадыё" са спасылкай на "Эхо Москвы" паведамляе, што кітайскія вытворцы вырашылі павялічыць экспарт абутку. Пры гэтым яны зніжаюць і без таго ледзь не дэмпінгавыя цэны ($2,5 за 1 пару). Як вядома, мяжа Беларусі з Расеяй адкрытая. А самі расіяне з суседскім экспартам змагаюцца хіба для выгляду. Ну, а ва ўмовах WTO уяўны мытны кантроль і ўвогуле пагражае знікнуць як такі. Такім чынам, РФ міжволі паспрыяе далейшаму разгортванню крызісу ў беларускай абутковай прамысловасці, якая і цяпер не вылучаецца станоўчымі паказчыкамі развіцця. Можна, канечне, увесці пэўныя абмежаванні для ўвозу праз расейскую мяжу. Аднак, такія дзеянні заканамерна сутыкнуцца з неабходнасцю выканання абавязкаў эканамічнага блоку, дабравольна ўзятых на сябе РБ у рамках праекта "Саюзная дзяржава". Застаюцца нетарыфныя абмежаванні нежаданага "расійскага" імпарту, якімі здаўна славіцца Беларусь. У такім разе можна чакаць увяздзенага ўжо папулярнага тут інстытута спецімпарцёра. Пад крылом Упраўлення справамі прэзідэнта, ясная рэч. Можна зрабіць яшчэ прасцей. Давесці сітуацыю да абсурднай. Увёўшы прапанаваную нядаўна Мінгандлю сістэму цэнтралізаваных закупак. Нібыта і прадпрымальнікаў не ўціскаюць, і перашкод на шляху тавараў не ставяць. Несумненна адно. Кволыя беларускія прадпрыемствы пасля падобных контрзахадаў улады не паздаравеюць фінансава ані. Інспіраваны дзяржпапулізмам апераджальны рост даходаў насельніцтва пры адсутнасці айчыннага эквівалента замежным таварам ў класічным выбары "цана - якасць" будзе арыентаваць беларусаў набываць болей і болей замежнага. Коштам свайго.

імпарт, Кітай

Previous post Next post
Up