11-гадовая беларуская дзяўчынка, якая цярпела ў італьянскай сям’і жорсткія здзекі, зараз знаходзіцца ў дзіцячым цэнтры ў Мілане і адчувае сябе добра, паведамляе РИА “Новости” са спасылкай на адваката беларускай амбасады ў Рыме.
Нібыта, пытанне аб яе адпраўцы на радзіму пакуль не стаіць. Зараз з дзяўчынкай займаюцца псіхолагі.
Тым часам пракуратура Савона распачала крымінальную справу ў адносінах сямейнай пары, з якой маленькая беларуска праводзіла вакацыі ў адным з гатэляў на лігурыйскім узбярэжжы. 40-гадоваму мужчыне ўжо прад’яўлена абвінавачанне ў сэксуальных дамаганнях у адносінах да дзіцяці.
Як стала вядома, праваахоўныя органы зацікавіліся сітуацыяй у сям’і пасля таго, як атрымалі сігналы ад сведкаў, якія жылі ў тым жа гатэлі.