Чыноўнікі блытаюцца ў лічбах

Aug 07, 2007 21:37


Дагэтуль дакладна невядома, колькі яшчэ павінна Беларусь “Газпрому” за пастаўлены ў першым паўгоддзі газ.

Распавядаючы пра тое, колькі грошай ужо атрымаў “Газпром”, беларускія дзяржаўныя медыі і чыноўнікі пярэчаць адно аднаму.

6 жніўня тэлеканал ОНТ паведаміў, што з 456 мільёнаў долараў расійскай кампаніі ўжо заплачана больш за 300 мільёнаў долараў. Але ні “Газпром”, ні “Белтрансгаз” гэтую інфармацыю афіцыйна не пацвердзілі.

Удзень 7 жніўня Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла пра яшчэ адзін плацёж - у памеры 66 мільёнаў долараў. Паводле гэтага паведамлення, на нашай краіне заставалася “вісець” яшчэ каля 60 мільёнаў долараў пазыкі.

Гэтыя грошы ў Мінэнерга паабяцалі пералічыць раніцай 8 жніўня. Аднак, Газета.Ру са спасылкай на Reuters адзначыла, што Беларусь яшчэ вінная 100 млн долараў. Адкуль з’явілася гэтая лічба, невядома.

Бліжэй да вечара 7 жніўня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка ў інтэрв’ю “Інтэрфаксу” агучыў новыя лічбы і тэрміны.

Згодна з яго словамі, да 6 жніўня “Газпром” атрымаў усяго толькі 60 мільёнаў долараў у дадатак да тых 190 мільёнаў, якія склалі самы першы плацёж, здзейснены трэцяга жніўня.

Такім чынам, паводле заявы спадара Сямашкі, запазычанасць Беларусі перад “Газпромам” складае яшчэ каля 200 мільёнаў долараў.

На яе аплату ў нашай краіны засталося менш за 3 дні, аднак першы віцэ-прэм’ер запэўніў, што да 10:00 10 жніўня грошы будуць пераведзеныя на рахункі расійскай кампаніі.

БТГ, Газпром, доўг

Previous post Next post
Up