Aug 03, 2007 23:28
Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў пералік самых высокааплачваемых кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў.
Вызначаны 17 дзяржаўных суб’ектаў гаспадарання, кіраўнікам якіх дазволена налічаць заробкі, суадносіны якіх да сярэдняга заробку па прадпрыемству можа перавышаць гранічна дапусцімы каэфіцыент 5,0.
Раней заробак дырэктароў не мог перавышаць сярэдні па прадпрыемстве больш чым у 4,5 разы. Зараз на некаторых прадпрыемствах дапускаецца перавышэнне ў 6 разоў.
“Ежедневник” склаў дзесятку самых высокааплачваемых дырэктароў дзяржпрадпрыемстваў. Паводле яго, дырэктар Беларускага металургічнага завода Мікалай Андрыянаў атрымлівае 3600 долараў у месяц (сярэдні заробак на прадпрыемстве - 600 долараў).
Кіраўнік Мінскага аўтамабільнага завода Мікалай Касцень мае заробак у памеры 3480 долараў (580), дырэктар Мінскага трактарнага завода Аляксандр Пухавы - 3180 долараў (530).
За ім ідзе дырэктар “Атланта” Віктар Шуміла - 3120 долараў (520), у кіраўніка Беларускага аўтамабільнага завода Пятра Пархомчыка - 2700 долараў (450).
Шостая пазіцыя ў дырэктара Беларускага цэментнага завода Уладзіміра Кісялёва - 2640 долараў (440), сёмая - у дырэктара Мінскага маторнага завода Мікалая Лобача - 2610 долараў (435).
Кіраўнік “Гомсельмаша” Валерый Жмайлік мае заробак у памеры 2520 долараў (420), трохі менш у дырэктара “Краснасельскбудматэрыялаў” Валянціна Верацілы - 2430 долараў (405). Столькі ж зарабляе дырэктар Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання Пётр Руднік.
“Ежедневник” папярэджвае, што ў дзесятку не ўвайшлі кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе заробак яшчэ большы. Напрыклад, “Беларуськалія”, дзе сярэдні заробак складае каля 1000 долараў.
Беларусь,
неасацыялізм