Усё дзеля Вас!

Dec 30, 2007 21:46


Пераключаючы каналы, выпадкова трапіў на СТБ-перадачку "Неделя". Адзіным, што прымусіла мяне не пераключыць адразу ж кнопку, сталася галасаванне па жыватрэпешчушчай і вабшчэ актуальнай ціпер цеме - "Ці быў 2007 г. удачным асабіста для вас?". А дакладней, яго вынікі на той момант, калі стаў глядзець тую самую "інфармацыйна-аналітычную перадачу". Дык вось, для беларускага тэлебачання яны былі на дзіва "нестабільнымі". Болей за палову тых, хто пазваніў, прызналіся ў няўдачнасці пакуль яшчэ бягучага года. Ага, думаю, зара пачнецца штосьці цікавае з размеркаваннем галасоў. Так і адбылося. Паказалі нейкі рэпартажык, папярэдне схаваўшы інтэрактыўны радок з вынікамі галасавання, і - о цуд! - задаволеных сваім жыццём цягам года раптам стала на 300 чалавек болей, чым іх апанентаў. Калі потым колькасць налічаных галасоў "лузэраў" усё адно упарта набліжалася да колькасці "вінэраў", лічыльнік неяк заміраў і праз нейкі час пачынаў выдаваць тое, што трэба. Аднак самы цымус чакаў мяне пры канцы памянёнай перадачкі. Лічбы былі ўжо кашэрныя, але мабыць на СТБ вырашылі канчаткова надаць ім своеасаблівага лоску. Пакуль колькасць "удачнікаў" расла, лік тых, хто прытрымліваўся адваротнага пункту гледжання, тупа не змяняўся хвілін 5 запар, спыніўшыся на 6954. Праўда, пад фінальныя цітры тэлевізійнікі ўсё ж зміласцівіліся над "няўдахамі" і адарвалі ад сэрца 1 голас. Такім чынам, іх стала ажно 6955 пры 7260 задаволеных асабістым лёсам. Як бачым, транспарэнтнасць поўная. Адно шкада, найхутчэй не ўбачым ізноў падобнага усенароднага апытання на гэтым тэлеканале. Мала ці што.

назіранні

Previous post Next post
Up