На жаль, у кастрычніку здарылася тое, чаго я чакаў.
Паводле даных Мінстата, рост ВУП па-ранейшаму запавольваецца (108,3% за студзень-кастрычнік, што ніжэй за прагноз), інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся недастаткова, а ІСЦ скочыў на 1,5% за месяц (0,7% у мінулым годзе). Такім чынам, пры захаванні гэтых трэндаў рост ВУП ды ІСЦ у прагноз укладуцца наўрад ці. Асабліва гэта датычыць ІСЦ, які ў параўнанні з кастрычнікам 2006 г. сягнуў ажно на 9,9%, а за 10 месяцаў бягучага года - на 7,0%. Да верхняй планкі прагнозу застаўся толькі 1 п.п. Прытым што традыцыйна ў РБ на лістапад-снежань прыпадаюць самыя высокія тэмпы росту ІСЦ. Прыкладам, у "блаславёным" 2006 г. (самая нізкая інфляцыя за ўсю суверэнную гісторыю - 6,6%) у лістападзе рост спажывецкіх цэн склаў 1,8%, у снежні - 0,8%. Карацей кажучы, чыноўнікам застаецца спадзявацца на "ручное кіраванне" і адміністратыўны "цуд". Паглядзім, наколькі эфектыўна яны такі сцэнар рэалізуюць.