Карозія стылю, (працяг)

Mar 20, 2009 11:11

- калі Т-ым стваралася “N” - калі Т-оў ствараў “N”;

- бераг ахоўваўся войскамі ‑ бераг ахоўвалі войскі.

Праўда, практыка паказвае, што найчасьцей пасіў узьнікае там, дзе агенс неаказаны. У гэтым разе безасабовую канструкцыю з зваротным дзеясловам найлепей замяняць на канструкцыю няпэўнаасабовую:

(2)

- гаварылася ў лісьце ‑ казалі ў лісьце;

- у якім гаварылася ‑ дзе гаварылі;

- не зьвяртаецца ўвагі ‑ не зважаюць;

- тады задаецца пытаньне ‑ тады задаюць пытаньне;

- такім чынам выконвалася ‑ гэтак выконвалі;

- плянавалася даручыць ‑ меркавалі даручыць;

- рабіліся здымкі - здымалі.

Аднак ня шкодзіць памятаць, што ўсе нашыя замены - з галіны стылістыкі і ім ані ў якім разе нельга надаваць статусу рэгулярнасьці. Замены перадусім мусяць грунтавацца на добрым гусьце.

§ 6.

Наагул, пасіўныя канструкцыі з зваротнымі дзеясловамі - гэта толькі малое зло. А куды страшнейшая пошасьць - тыя самыя пасівы, толькі з залежнымі дзеепрыметнікамі, якія вышэй падаваліся ў цытаце з С. Кінга. Гэта шчыра-канцылярскае, можна сказаць, “запатэнтаванае” вынаходніцтва. Практыка паказала: замены да іх бываюць траякія, вось некалькі рэальных прыкладаў на адну тэму:

‑ князем быў збудаваны палац ‑ князь збудаваў палац (1);

‑ сядзіба была збудаваная ‑ сядзібу збудавалі (2);

‑ сядзіба была забудаваная ‑ сядзіба будавалася (3).

У першым разе заміж пасіўнай канструкцыі зь дзеепрыметнікам - ужываем актыўную, у другім разе заміж пасіўнай безасабовай зь дзеепрыметнікам - пішам актыўную няпэўнаасабовую, а ў трэцім разе такую самую пасіўную зь дзеепрыметнікам - замяняем на пасіўную з зваротным дзеясловам (большае зло - на меншае зло). Пры патрэбе, у чацьвертым разе - можна й не рабіць заменаў. Вось прыклады з практыкі.



Казус першы:

- атрад быў высачаны войскамі ‑ аддзел высачылі войскі (1);

- народ быў пазбаўлены сваёй назвы ‑ народ застаўся безь імя (1);

‑ ён быў спалены расейцамі ‑ яго спалілі расейцы (1);

‑ ён быў прызначаны прэзыдэнтам ‑ прэзыдэнт яго прызначыў (1);

апошняе можна й гэтак прачытаць, але тады будзе іншы сэнс:

[‑ ён быў прызначаны прэзыдэнтам - яго прызначылі прэзыдэнтам (2)],

гл. ніжэй.

Казус другі:

- быў зьнішчаны ‑ зьнішчылі (2);

- былі схаваныя ў зямлю - схавалі ў зямлю (2);

- А. быў адшуканы ў вадзе ўтопленым ‑ А. знайшлі ўтопленым (2);

‑ разрабаваны і разбураны ‑ зрабавалі і збурылі (2);

‑ згода Саўміну была атрыманая ‑ згоду Саўміну атрымалі (2);

‑ старшынём быў абраны ‑ старшынём абралі (2);

‑ у партыі была створаная ‑ у партыі стварылі (2);

‑ нам патлумачана ‑ нам патлумачылі (2);

‑ не было прынята ‑ не прынялі (2);

- было прынятае рашэнне - пастанавілі (2);

‑ было вырашана ‑ надумалі (2);

- было загадана ‑ загадалі (2);

- было высьветлена ‑ даведаліся (2).

Казус трэці:

- быў створаны камітэт ‑ стварыўся камітэт (3);

‑ ў аснову было пакладзенае пачуцьцё - ў аснову пакладалася пачуцьцё (3);

‑ лічбы былі прыведеныя ‑ лічбы падаваліся (3).

Казус чацьверты:

‑ былі зацьверджаныя мандаты ‑ былі зацьверджаныя мандаты (4).

Запраўды, не заўжды і ня ўсё трэба замяняць.

§ 7.

Ёсьць шэраг выпадкаў няпэўных, дваістых і г. д. Прыкладам, здараецца, што першы казус вонкава вельмі падобны да трэцяга:

- N. быў пасьвячоны ў сан сьветара - N. высьвеціўся на сьветара (1);

‑ была разьмешчаная вайсковая ч. ‑ кватаравалася вайсковая ч. (1).

Тут зваротныя дзеясловы справа - асабовыя, характэрныя для беларускае мовы й нічога супольнага з Станкевічавай заўвагай ня маюць.

Часамі, наагул, распазнаць без кантэксту, дзе які казус, немажліва:

- быў засечаны (кім хто) - засеклі (хто каго) (1/2);

- паўстаньне было падаўлена ‑ паўстаньне здушылі (1/2).

А шмат у якіх выпадках мажлівыя варыянты замены:

┌─ арганізавалі гурток (2);

‑ быў арганізаваны гурток               ┤

└─ арганізаваўся гурток (3);

┌─ дамовы пакладаліся (3);

‑ дагаворы былі заключаныя            ┤

└─ дамовы паклалі (2).

Некаторыя ж наяўныя варыянты ў пляне нашае праблемы - тоесныя:

‑ тэкст звароту быў даведзены да ведама ўсіх дэпутатаў →

┌─ зварот сп. А. абвесьціў усім дэпутатам (1);



└─ зварот сп. А. даў да ведамасьці ўсім дэпутатам (1).

Няма абсягаў дасканаласьці! Вось цікавы ўзор, як беларуская фраза пакутліва вылузвалася з канцылярыту:

- позірк быў накіраваны (куды) → позірк кіраваўся → ВОЧЫ ГЛЯДЗЕЛІ.

Ня ўсе пасіўныя канструкцыі грунтуюцца на зваротных формах дзеясловаў і залежных дзеепрыметніках, але ад гэтага іх характар не мяняецца:

- было прыняцьце прысягі (кім) ‑ прысягалі (хто) (1);

- бітва была зацятая ‑ біліся зацята (2).

Заганныя не самыя празь сябе марфалягічныя формы, якія бяруць удзел у стварэньні пасіўных прэдыкацыйных канструкцыяў, а той сынтаксычны зьмест, які яны нясуць.

Надта пошасныя канцылярызмы з мадальным спалучэньнем быў вымушаны, якое я ўжо стаміўся папраўляць:

‑ быў вымушаны - мусіў;

- быў вымушан - мусіў;

‑ вымушаная - мусіць;

- прымушаны працаваць ‑ мусіць працаваць;

┌─ мусілі цэлы сакавік;

‑ вымушаныя былі напрацягу сакавіка                   ┤

└─ мусілі праз цэлы сакавік.

Наагул, трэба помніць беларускія ўстойлівыя канструкцыі:

- было бачна - відаць;

- заўважна, што ‑ відаць, што;

- заўважна - заўважаецца;

- павінен быў - мусіў

і тады мова будзе жывая й натуральная.

§ 8.

Пад канец яшчэ раз мушу зрабіць перасьцярогу, што ўсе гэтыя рэкамэндацыі - з галіны стылістыкі, і іх удалае тарнаваньне залежыць ад уласнага густу. Ёсьць такі выраз: скажы дурню маліцца, дык ён лоб разаб’е. Мне не хацелася б, каб мы “разьбівалі ілбы” пры пісаньні. У народным маўленьні ёсьць вельмі шмат і пасіўных і безасабовых выразаў. А некаторыя зь іх вельмі прыгожыя. На жаль, пакуль што я не магу пэўна сказаць, ці ёсьць нейкая фармальна-сэмантычная розьніца паміж бюракратычнымі пасівамі і устойлівымі народнымі выразамі.

Таксама баюся, каб вайна з сынтаксычнымі пасівамі не перарасла ў вайну з пасіўнымі дзеепрыметнікамі, якія тарнуюцца ў памянёных канструкцыях. Бо залежныя дзеепрыметнікі прошлага часу - гэта ледзь не адзіная паўнавартая й паўнакроўная форма існаваньня беларускіх дзеепрыметнікаў. Мала таго, іх прадукцыйнасьць у нас куды большая, ніж у расейскай мове.

Так, мы перакладаем з расейскае мовы на беларускую:

┌─ як той казаў;

‑ как говорится         ┤

└─ людзі кажуць.

Але ж ёсьць і выразы так вядзецца, так ня робіцца, табе сказана і г. д.

Каб не разібіваліся лбы й не чыніліся перабольшаньні, у якасьці адатруты прапаную на заканчэньне ўспомніць верш Альберта Паўловіч “І плач не паможа”, дзе вельмі ўдала тарнуецца народны безасабовы выраз так вядзецца..

© Ю. Пацюпа, 2009
 

стылістыка, пасіў, мова

Previous post Next post
Up