Каты ІІ

Sep 22, 2008 13:12

Апошнім часам беларускія аўтары адцураліся расейскага слова кошка і сталі ўжываць беларускае - котка. Здавалася б, сьвята! Можна біць у звона! Але нешта мяне ня радуюць тыя “коткі”, што пазапаланялі ўсе тэксты. Чаму?
     Бо беларускасьць тут і не начавала! Калі яе й прыбавілася, дык усяго на адну літару. Шэляг цана такой беларускасьці!
     Рэч у тым, што ў назовах жывёлаў ёсьць асноўнае слова, якое абазначае від і дадатковае, якое абазначае плоць (пол), хоць асноўнае таксама можа мець свой плоцевы зьмест. Скажам, асноўнае слова сабака - гэта від і адначасна самец, а дадатковае - сука - самка сабакі. Асноўнае слова - конь, а дадатковыя - жарабец - самец і кабыла - самка. Асноўнае слова сьвіньня - від і адначасна самка, а дадатковае - парсюк ці кабан - самец. Асноўнае слова гусь - від і самка (самку яшчэ называюць гуска), а дадатковае - гусак - самец. У расейцаў - наадварот: гусь - від і самец, а самка - гусыня.
     Дык вось, у расейцаў кошка - гэта асноўнае слова і адначасна самка, а кот - самец - дадатковае. У беларусаў жа ўсё наадварот: за асноўнае слова бярэцца найменьне самца - кот, а котка - усяго толькі дадатковае слова, самка ката. Таму па-расейску можна сказаць: подъезд, загаженный кошками, а па-беларуску нельга сказаць: пад’езд, запаганены коткамі. Трэба казаць: пад’езд, запаганены катамі. (Дарэчы, апошні выраз і з чыста біялягічнага боку слушны, бо значаць тэрыторыю менавіта каты - самцы, а ня коткі.)
     Таму зацемім сабе: калі мы гаворым пра від, заўжды па-беларуску трэба казаць кот, а па-расейску - кошка. Так, у некаторых беларускіх дыялектах самку называюць і кошка, і кішка, але від - абавязкова кот. Аднак слова котка як назоў самкі лепшае за слова кошка, бо наўпрост адсылае да назову кот. Так і павінна быць у літаратурнай мове. Праўда, ня будзе вялікай абмылай, калі мы ў дачыненьні да самкі скажам кошка. Затое мецімем найгрубейшую абмылу, калі мы ў дачыненьні да віду ўжывем тэрмін котка, ці кошка - усё роўна. Гэта таксама недарэчна, як сказаць па-беларуску чарада гусакоў заміж чарада гусей, таксама недарэчна, як сказаць па-расейску стая гусынь, калі трэба стая гусей.
     Дарэчы, выпадак з катамі - вельмі яскравы прыклад таго, як мова ўплывае на мэнтальнасьць і як моўная форма выліваецца ў мастацкія творы, вызначаючы будову сюжэтаў, зьмест фабулы. У расейскай мове назоў віду кошка жаночага роду, таму статыстычна куды больш сюжэтаў, дзе гэтая свойская жывёліна становіцца жаночым вобразам з адпаведным наборам уласьцівасьцяў і дзеяньняў. У беларусаў, згодна з духам мовы, статыстычна мусяць пераважаць вобразы катоў, але… пакуль што гэтага не назіраецца… Бо беларусы, нават беларускамоўныя, мысьляць расейскімі катэгорыямі. Мала таго, бальшыня з нас нават ня ведае таго, што назоў віда - кот, а ня котка.
     Само сабою, ніхто не забараняе ствараць беларускія творы з “коткамі”, як і расейскія творы з “катамі”. Гэтаксама ніхто не забараняе вобразу “ліса”, хоць статыстычна пануе “лісіца”, "ліса" (і зразумела чаму). Аднак жа ёсьць выпадкі, калі “коткі” ў беларускіх тэкстах асабліва недарэчныя. Як у каровы сядло на сьпіне.
     Вось жа, назоў котка скрайне недарэчна там, дзе каціны вобраз ёсьць увасабленьнем віду, а не канкрэтнае жывёліны. Тады “КОТКА” - калька з расейскае мовы, праява расейскай мэнтальнасьці і форма аўтарскай глухаты. І таму ня радуе яна, а засмучае.

кот, котка, мова

Previous post Next post
Up