Людзі, радавод

May 07, 2016 00:29

Мне пашанцавала пазнаёміцца з многімі выдатнымі людзьмі. Кагосьці, нажаль, я ведаю толькі віртуальна, з кімсьці не маю дастаткова часу для размоў. Я ганаруся знаёмствам з актыўнымі людзьмі, якія не гледзячы ні на якія абставіны шлі наперад і развіваліся, адкрывалі штосьці новае альбо ўдасканальвалі сябе ў старым. Тыя, пра каго я зараз скажу, не адзіныя людзі, каторых я паважаю, але чамусьці я ўспомніў іх.
tanyaromanoff - вельмі выпадкова знаёмая Таня. Філолаг, псіхолаг, радыёвядучая і проста прыгожая дзяўчына. Нажаль яна мала сюды піша - таму раю заглянуць у фэйсбук. Таня вельмі яскравы прыклад таго, што Вы можаце дасягнуць таго, чаго Вам хацелася, а не таго, пра што казалі ўсе навокал. Я веру ў тваё шчасце і поспех.

nutella - Ксюша - энэрджайзер! Гэта кругласуткавы генератар ідэй і спраў. Іх сям'я стварае вельмі ўтульныя рэчы для дома і яны сапраўды ўкладваюць усю душу ў гэту справу. Тут многа прыгожага! У Ксюшы наогул ўсё навокал прыгожа. Прыгожая сама, прыгожая сям'я, прыгожае жыллё, прыгожае жыццё. Заходзьце. Яна, канешне, часцей ў instagram штось публікуе, спецыфіка дзейнасці абавязвае.

І яшчэ адна Таня - rannica. З ёй, менавіта, я знаёмы толькі віртуальна. Але вельмі цікава чуць ці чытаць яе гісторыі. Ведалі б вы колькі месцаў яна наведала. А колькі ўсяго ведае! Я не здзіўлюся, калі ўбачу як яна штось вышывае, адразу чытае, адразу вучыць якую-небудзь мову і адразу сочыць за дачкой і ўсё гэта ў якой-небудзь ёга-позе. Яна мяне натхніла. Натхніла на складанне свайго радаводу. Яна з такім імпэтам займалася пошукам сваіх каранёў, што я вырашыў - час настаў.

Ўсё што я ведаў дагэтуль было аформлена у MyHeritage Family Builder. А ведаў я не так і многа. Толькі здаецца 2 прадзедаў з чатырох. І нікога далей. Я спецыяльна зарэгістраваўся у odnoklassniki.ru каб знайсці сваякоў. Многа чаго цікавага даведаўся менавіта там. Але жывыя родзічы могуць расказаць толькі пра тых, хто жыў у XX стагоддзі. Каб знайсці штось далей я зайшоў у мясцовую царкву. Добра, што я знаёмы з а. Аляксандрам і ён да мяне добра ставіцца. Такім чынам у мяне на руках апынуліся "Исповедная ведомость" 1889, 1895 и 1903 гадоў. А таксама "Приходская перепись" 1946 г. Вось тут было цікава!! У такіх кнігах запісана цэлая сям'я, каторая прыходзіла на споведзь. Ну вось, напрыклад:


Тут упамінаецца Якім Андрэевіч Коваль. Гэта магчымы прадзед майго дзеда. І яго сын, Аляксандр, дзед майго дзеда. З боку напісаны узрост кожнага члена сям'і. Гэта маё асабістае фота з арыгінала кнігі 1889 года!!
Дзякуючы пошукам я пазнаёміўся з некаторымі роднымі, каторых раней не бачыў. Я знайшоў у іх такія здымкі, пра існаванне каторых не ведалі мае блізкія родныя. Я даведаўся, што мой дзед быў кінамеханікам! Гэта ж так цікава і неяк рамантычна. Ён амаль ўвесь час перасоўваўся на веласіпедзе, а тады(у 60-хх) яны былі не ў многіх. Нажаль, памёр вельмі маладым...
Наступны этап майго даследавання - Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Там я змагу пашырыць звесткі амаль на 100 гадоў раней.
Мне здаецца, што я ўжо ўсім надакучыў са сваімі пошукамі. Асабліва любімай жонцы parkhomova. Я ж па некалькі гадзін праводжу з архіўнымі здымкамі, шукаючы сувязі. І гэта так зацягвае, што магу не спаць паўночы. Ўжо каторую ноч мне сняцца мае родныя, мае прашчуры. А мне кожны дзень ўсё цікава. Хочацца знайсці сувязі ў нашай вёсцы паміж тымі людзьмі, каторыя ўжо даўно не прызнаюць радства, не гледзячы на адно прозвішча.

жыццё, сябры, род

Previous post Next post
Up