Леанід Скараходаў

Sep 20, 2020 11:14


"Тэмпа" няма ўжо шмат гадоў, ды й наогул футбол у Барані цяпер на суцэльным маргінэсе. Аднак і сёньня можна сустрэць людзей, якія добра памятаюць матчы на бараньскім стадыёне. Летась мы прысутнічалі на ветэранскай сустрэчы ў гонар 40-годдзя заваяваньня "Тэмпам" бронзавых медалёў чэмпіянату Беларусі. Пасьля таго прыхільнік аршанскага футболу, грамадзкі і палітычны дзеяч Павал Севярынец, які яшчэ малым хадзіў на матчы "Тэмпа", запытаўся ў нас пра Леаніда Скараходава - аднаго са сваіх улюбёных гульцоў.

На жаль, пару гадоў таму вядомы паўабаронца "Старта" і "Тэмпа" адыйшоў у Вечнасьць. Леанід Скараходаў апошнія свае гады жыў у Воршы каля 11-й школы, дзе сыны купілі яму дом. У запавеце легенда футболу Барані й Воршы прасіў яго крэмаваць, што было выканана нашчадкамі.

Леанід Скараходаў упершыню гучна заявіў пра сябе ў 1963-м годзе, калі ў складзе аршанскага "Аўтамабіліста" заваяваў Кубак абласнога Савета ДСТ "Спартак". На здымку паўабаронца восьмы справа:



Кар'ера Скараходава пайшла ўгару. У 1974 годзе, ужо будучы вопытным гульцом, ён прыняў удзел у паездцы "Старта" ў ГДР. На фотаздымку ён трэці зьлева ў ніжнім шэрагу:



У 1978 годзе Скараходаў у складзе "Тэмпа" стаў бронзавым прызёрам беларускага першынства. На здымку Леанід у верхнім шэрагу чацьверты справа:



Цікава, што ў тым знакавым для "Тэмпа" сезоне-78 Скараходаў ужо ня быў лідарам каманды, за ўвесь сезон ён правёў 10 матчаў, у частцы якіх толькі выходзіў на замену. Ягоныя залатыя гады прыйшліся на ранейшыя гады. Рэдка які чэмпіянат ён завяршаў без забітых галоў. Ну а самым, бадай, удалым сезонам па асабістай статыстыцы для Скараходава стаў чэмпіянат 1975 году. Тады ён правёў 20 матчаў за "Тэмп" і забіў 4 мячы. Хаця яшчэ на пачатку 70-х ён забіваў за чэмпіянат нават і болей.

Тэмп (Барань), Старт Орша, гісторыя ФКО

Previous post Next post
Up