Стадыён на месцы стадыёна

Jul 01, 2020 14:12


У Беларусі шмат стадыёнаў, якія збудаваныя на месцы колішніх могілак. Прычым часта на месцы менавіта жыдоўскіх могілак. Магчыма, прычына гэтаму - дзяржаўны антысемітызм, які быў у Савецкім Саюзе. Калі пра версіі яшчэ можна спрачацца, дык факты ў падмацаваньне выказанай думкі сапраўды ё. Цэнтральны алімпійскі стадыён "Дынама" ў Менску, галоўны стадыён у Гародні, універсітэцкі стадыён у Гомлі - ўсе збудаваныя на месцы могілак. А як у Воршы? Мы даведаліся ў аршанцаў, якія памятаюць першыя пасьляваенныя гады, што ж было на месцы стадыёна раней. І нам адказалі, што адразу пасля вайны там быў школьны стадыён і акопы часоў вайны. Пасля ўжо сталі праводзіць аматарскія футбольныя матчы на ўзроўні чэмпіянату горада і міжгароднія. Паміж піўзаводам і стадыёнам яшчэ не было гарадзкое радзільні, да ІІ Сусьветнай вайны там былі прыватныя дамы. Пасля вайны дамоў ужо ня стала.

Акрамя таго, як мы вызначылі раней у публікацыі пра матч зь менскім "Дынама" ў 1930-м годзе, верагодна, той футбольны паядынак прайшоў акурат на полі пры 1-й Аршанскай сямігодцы. А быў жа яшчэ адзін матч зборнай Воршы з дынамаўцамі ў 1927! Імаверна, таксама на тым полі. А паколькі Аршанская дасьледча-вытворчая сямігодка паўстала ў 1921 годзе на базе колішняй Рэальнай вучэльні, варта меркаваць, што стадыён для фізічнай культуры быў зроблены пры ёй як мінімум тады. Тое, што стадыён існаваў, неаспрэчна. Пытаньне толькі ў тым, ці менавіта там гулялі аршанцы са сталічнымі гасьцямі. Але з улікам таго, што ў нашым горадзе футбол толькі-толькі пачынаў прагрэс, выкажам меркаваньне, што ў горадзе наўрад ці мог быць вялікі выбар прыдатных палёў да міжгародніх матчаў. Такім чынам, нашаму стадыёну, калі ня ўлічваць перабудовы і рэканструкцыі, на дадзены момант 99 гадоў! У наступным годзе нас чакае чарговы вялікі юбілей.



Гарадзкі стадыён Воршы ў 50-я

Орша, гісторыя ФКО, гісторыя, наш стадыён

Previous post Next post
Up