Супрацьстаяньне гарадоў. Ворша - Віцебск

Mar 23, 2020 10:00


Нярэдка супрацьстаяньне двух клубаў ня ёсьць выключна футбольным. Уключаюцца іншыя чыньнікі. Натуральна, у аршанцаў ёсьць некалькі прычынаў без асаблівай любові ставіцца да Віцебска. Пераносіцца гэта і на футбольны клуб. Усё як і ў выпадку Бэрґама - Брэшыя, Саўтхэмптан - Портсмут, Ротэрдам - Амстэрдам. Натуральна, Віцебск - стары беларускі горад, адзін з адметных і прыгожых па архітэктуры. Але калі яго неяк асобна вылучаюць, а Воршу пакідаюць за сьпінай, гэта для нас праява вялікай несправядлівасьці. Ворша неаднаразова спальвалася і зьнішчалася, у прыватнасьці, расейскі імператар Пятро І, якога некаторыя наскія невукі лічаць цудоўным кіраўніком дзяржавы (чужой!) практычна зруйнаваў замкі ў Воршы і Копысі, натварыў шмат жорсткіх рэчаў у Полацку. Ворша - адзін з тых беларускіх гарадоў, якія найчасьцей цярпелі за сваю гісторыю. А таму калі нехта кажа, што ў Воршы няма чаго глядзець, гэта а) хлусьня, глядзець ёсьць на што, б) ігнараваньне неаспрэчных фактаў гісторыі Беларусі, згодна зь якімі робіцца зразумелым - Ворша страціла большасьць са свайго гістарычнага аблічча ў розных войнах, неаднаразова перабудоўвалася ў сувязі з трагедыямі.

Сапраўдны аршанец ганарыцца слаўнай гісторыяй уласнага горада і нават жывучы ў іншым горадзе ці краіне рады падзяліцца ведамі пра Воршу. Натуральна, нам ня надта падабаецца азначэньне рэгіёну як "Віцебшчына", паколькі мы маем больш супольнага з Магілёвам, а ня Віцебскам. Калі кажуць "Прыдзьвіньне", тады наогул выяўляюць страшную непавагу да Воршы і невалоданьне геаграфіяй краіны. Ніякага дачыненьня да Дзьвіны мы ня маем. Ворша - Падняпроўе, разам з Магілёвам, Рагачовам і іншымі гарадамі па рацэ.




Адзін з вострых момантаў у савецкі і незалежны часы - пабудова Дома культуры. Пры савецкай уладзе Воршу пераўтварылі ў турэмны горад адразу з трыма падобнымі ўстановамі. Палац культуры па асобным, а не тыповым праекце павінны былі пабудаваць у нас. Аднак Віцебск, карыстаючыся становішчам абласнога горада, забраў у нас гэты праект. Яшчэ старшыня Дзяржбуда БССР Кароль прыяжджаў у наш горад і пагадзіўся будаваць тыповы палац з малой залай паводле індывідуальнага праекту на 1300 месцаў. Аршанскі выканкам, зрэшты, хацеў не асобную залу, а цэлы палац паводле індывідуальнага праекту. У Віцебску ж сказалі: Ворша - раённы цэнтар, ім хопіць залы на 600 месцаў. А празь некалькі гадоў старшыня Архітэктурнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Кабяк заявіў: Як гэта, такі палац будаваць у Воршы? У нас у Віцебску такога няма!
Такім чынам, палац, які быў паабяцаны і спраектаваны для Воршы яшчэ прыканцы 60-х, у выніку пачаў будавацца ў Віцебску.

У Воршы яшчэ ў 70-я быў запланаваны Палац піянераў. Аднак затым перамянілі на пабудову Гарадзкога дома культуры. Яго будаваць толькі пачалі - аршанцы, старэйшыя за 25 гадоў, мабыць, памятаюць доўгабуд у парку, дзе цяпер стаіць Лядовая арэна. Чырвоная цэгла толькі пайшла ў працу, але будоўля ня скончылася. Калі б віцебскія бонзы не зайздросьцілі Воршы, мы маглі б мець свой Дом культуры раней. Тэмай палацу займаўся аршанскі журналіст Юрка Копцік, які яшчэ ў 90-я выпусьціў некалькі публікацый у прэсе, у тым ліку ў "Аршанскай газеце" і "Куцейне".



Артыкул 1991 года ў "Аршанскай газеце". Для поўнага выгляду націсьні на здымак



Артыкул у газэце "Куцейна", 1999 год. Для поўнага выгляду націсьні на здымак

Але калі мы будзем вінаваціць толькі віцебскіх дзеячоў, мы падманем чытача. Хапала тут і віны прызначаных у Воршу чыноўнікаў. Як пасьля гэтага ня стаць прыхільнікам самакіраваньня? Без перабольшаньня скоцкае стаўленьне тагачаснага кіраўніцтва горада да ўласнай футбольнай каманды было праяўленае ў 2001 годзе. Палову таго сезону "Ворша" вымушаная была праводзіць у Болбасаве на Пасялковым стадыёне, а вяртаньне клуба на Гарадзкі было абяцана за некалькі месяцаў, але пастаянна пераносілася. Напрыклад, матч 15 ліпеня з камандай з Рагачова прайшоў зноў у Болбасаве, затое доступ да галоўнай аршанскай арэны атрымаў чужы клуб - «Лакаматыў-96» зь Віцебску, які працягваў свае «бадзянньні» па краіне з-за рэканструкцыі ўласнага стадыёна. Цешыць, што аршанскія заўзятары яскрава прадэманстравалі ў тыя дні сваё стаўленьне да такіх падзей: на матч чужых каманд у цэнтры Воршы прыйшлі ўсяго... 100 гледачоў. У той час як у Болбасаве на трыбунах было каля 400 чалавек, большасьць зь якіх прыехалі з Воршы. І каманда падзякавала за вернасьць перамогай!

Любіце Воршу і ганарыцеся, што вы аршанцы!

Орша, Беларусь, чыноўнікі, гісторыя, Віцебск

Previous post Next post
Up