Фанацкае жыцьцё складаецца ня толькі з выправаў на матчы, боек, піва і самога футболу. Ёсьць гісторыі і па-за гульнямі, якія адбываюцца проста ў жыцьці. І ад іх можна рагатаць доўга. Вось адна з такіх гісторый, якую якраз дарэчы расказаць пад Стары Новы год. Адзін з самых адданых фэнаў "Старта", якога за яго вечную пунктуальнасьць са спазьненьнем прыкладна на суткі даўно пара назваць Хвіліна, быў па працоўных пытаньнях у Маскве, у важных архівах сядзеў. Паколькі ён ніводнага дня не забывае, адкуль ён і за які клуб топіць, з сабой у яго заўсёды стыкеры найлепшага клуба Зямлі. Прыехаў, значыцца, фэн у Маскву, адправіўся жыць на кватэру да прыяцеля, таксама аршанца, недалёка ад метро "Речной вокзал". А там яшчэ на аўтобусе нейкі час трэба ехаць. Скончылі фэн і ягоны прыяцель працаваць па сваіх профілях, вырашылі пайсьці на піва. Далей слова самому фэну Хвіліне.
Зарулілі мы ў топавы крафтавы бар "Rule taproom" недалёка ад метро "Боровицкая", каля Ленінскай бібліятэкі. Сядзелі, выпівалі, надыйшоў час дадому вяртацца. А позна, аўтобуса ўсё няма й няма. У мяне з сабой парадкам стыкераў. Думаю, чаму б не заляпіць прыпынак?! Ну і штук 15 ляплю на прыпынку. Цалкам аршанскі прыпынак у Маскве! Якраз пад'язджае аўтобус, мы залазім. А ён жа стаіць некалькі хвілін. Заходзіць яшчэ адзін чувак у салон. А потым дзьверы зачыняюцца, і яшчэ пару хвілін кіроўца чакае, пакуль падвернецца зручны момант, каб выруліць на дарогу. І тут на прыпынак падыходзіць чэл, пачынае зрываць стыкеры і паліць на мяне, маўляў, глядзі, што я зь імі раблю. Ну, думаю, можа гэты ашавурак ганяе за нейкую каманду маскоўскую, ня хоча, каб тэрыторыя была ў іншых стыках. Мы ж ужо сядзім, аўтобус ад'язджае. Потым мы едзем, амаль пад'ехалі да дому, застаецца дзесьці тры прыпынкі - бац! - той самы кадр заходзіць. І рэзка кажа кіроўцу: "Так, этих не выпускай!" Мы вялікай увагі не надаем гэтаму, думаем, чарговы гарадскі вар'ят. Колькі такіх у Маскве! А ён падыходзіць да нас і бычыць:
"Так, что вы там лепили? Я щас подтяну пацанов, блять".
Мы кажам "ідзі ты нахер". Спакойна рэагуем на паўдурка, усё адно ж адваліць. Мне дык наогул пляваць, а прыяцель троху захваляваўся, падумаў, што гэты тып які-небудзь "памочнік міліцыі", "дружыньнік" ці як там іх у Расеі называюць? Гадоў яму прыкладна столькі, колькі і нам. І ён працягвае надрывацца:
"Что вы здесь делали? Вы чё, хохлы?"
Мы кажам: "З чаго ты ўзяў, што мы з Украіны? Мы беларусы".Гэты клоўн дастае адзін наш сарваны стыкер, а гэта "Паўжыцьця ў цягніках", і намагаецца яго прычытаць. "Пау-жи-и-и-ы-ы..." - хоць напісана кірыліцай, але нават прачытаць ня можа. Мой прыяцель кажа: "Слушай, чел, это на русский переводится как "Полжизни в поездах". А той зноў "Чёёёё? Вам пизда. Бля, я щас пацанов подтяну! Щас менты сюда приедут".
Мы ўжо выйшлі з аўтобуса, ён за намі. Ідзе нешта, пагражае. Мы ўжо ледзь трымаемся, каб не ўсадзіць яму ў табло. Ну настолькі ж затрахаў! І потым ён раптам кажа: "Пацаны, а пошлите бухнём". Ха-ха-ха-ха! Вось так! Мы чарговы раз пасылаем яго далёка і шыбуем да сябе. Далі яму паганяла "Фээсбэшнік". Вось так мы скаталі ў Маскву.