Ворша - горад з валейбольнымі традыцыямі. Памнажаць іх у 1996 годзе быў створаны клуб «Узьлёт». А нядаўна скончылася цэлая эпоха - адзін з валейбалістаў, які амаль усю кар’еру правёў у родным клубе, Сяргей Маргалкін, завяршыў выступленьні. Зрэшты, Сяргей застаўся ў любімым зь дзяцінства валейболе, перайшоў на трэнерскую працу ва «Ўзьлёце». Капітан неаднаразова прызнаваўся найлепшым валейбалістам сезону ў аршанскай камандзе, з трыбун выхад на пляцоўку № 13 віталі асабліва цёпла і гучна. Справай гонару для Orshafans - сустрэцца зь Сяргеем Маргалкіным і паразмаўляць пра сёньняшнія справы аршанскага валейболу і пра насычаную гульнявую кар’еру аднаго з найяскравейшых аршанскіх гульцоў.
- Сяргей, як пачалося захапленьне валейболам і ці можна ў пары словаў прабегчыся па ўсёй кар’еры?
- Пачынаў у роднай Воршы, акурат у той залі, дзе «Ўзьлёт» гуляе і цяпер. У 1987-м заняўся валейболам. Прычым дзеці звычайна бегаюць па секцыях, а я адразу пачаў займацца сваім відам. Да 2006 года пастаянна трэніраваўся і выступаў у Воршы, а тады на сезон езьдзіў у Магілёў, гуляў за «Тэхнапрыбор». Там адбылася непрыемная сітуацыя вакол грошай. З «Тэхнапрыборам» я стаў чэмпіёнам Беларусі. Бюджэт каманды на фоне посьпеху падняўся, што дазволіла магілёўцам заключыць кантракты з новымі валейбалістамі. А я і яшчэ некалькі хлопцаў сталіся непатрэбнымі трэнерскаму штабу. З Воршы лістом праз федэрацыю ў «Тэхнапрыбора» запатрабавалі аддаць за мяне ўсю суму. Тыя адмовіліся. Тады ў Воршы сказалі, што забараняюць мне гуляць у Магілёве, супраць чаго «Тэхнапрыбор» не пратэставаў, у іх ужо былі новыя гульцы ў складзе.
Вярнуцца на пляцоўку ў афіцыйных матчах я змог толькі праз 3 гады, тады быў такі рэгламент «карантыну» для атрыманьня свабоднага трансферу. Ясная справа, што грошай выкупіць свой трансфер самастойна ў мяне не было. Калі ўсё скончылася, я ўжо гуляў за «Ўзьлёт» да канца кар’еры, а з гэтага сезону, калі завяршыў, ужо ўваходжу ў трэнерскі штаб каманды.
- У сям’і ёсьць спартовыя традыцыі?
- Мая жонка зусім ня мае дачыненьня да спорту, а вось бацька доўгі час выступаў за «Старт» і «Тэмп», ён даволі вядомы ў Воршы футбаліст. Маці не спартоўка. Такім чынам, жаночы пол у мяне ад спорту далёкі, а вось мужынскі - наадварот.
- Хто быў першым трэнерам?
- Натальля Ўладзімераўна Лобчанка. Нейкі год яшчэ быў іншы трэнер. Ну а з 1996 году ўжо быў «Узьлёт». Я тады быў вельмі малады, 16 гадоў. Наколькі памятаю, каманда складалася пераважна з выхаванцаў Уладзімера Іванавіча Купавы, якія займаліся ў магілёўскім парнаце. Ён іх вярнуў у Воршу, дзе яны сталі выступаць за «Ўзьлёт». У складзе былі Андрэй Баранаў, Андрэй Фалькоў, Руслан Выхаванец, Міхаіл Падгол, Дзяніс Тамашэўскі. У адзін з сезонаў Купаву на трэнерскім мастку дапамагаў Бульбянкоў. Вось ён і стаў мяне падпускаць да асновы. У дагульнёўцы выходзіў Андрэй Баранаў, мяне выпускалі на замену. Потым яго пераставілі на пазіцыю лібера, якая тады не была надта папулярнай, а я ўжо заняў месца ў асноўным складзе. Прыязджалі два чалавекі з Шуміліна - Аляксей Лебядзеўскі і Валера Філіпаў, яшчэ некалькі хлопцаў былі ў розных сезонах. Ігар Галенда з Баранавічаў, напрыклад, Ігар Аўсянкін з Шуміліна, Дзьмітры Далганаў і Дзяніс Матвееў зь Віцебску. Аднойчы нават гулец з Украіны, які выступаў за ГВК і «Тэхнапрыбор» прыязджаў на прагляд, толькі не падыйшоў «Узлёту». Аднак большасьць каманды заўсёды складалі аршанцы.
- Ці высока ацэньваліся посьпехі ў чэмпіянатах краіны?
- Варта сказаць, што ўзровень лігі тады быў вышэйшым за цяперашні. Мы сходу выйгралі І лігу і прайшлі ў Найвышэйшую. Былі такія часы, што мы год гулялі ў І лізе, год у элітнай. Для эліты ў нас не хапала сілаў замацавацца, а ў І лізе мы былі фаварытамі і ўпэўнена перамагалі супернікаў. Шмат што залежала ад фінансавых пытаньняў.
- Каманда нейкі час называлася «Ворша-БКУК». А што давала прыстаўка «БКУК» (Беларускі камерцыйны ўніверсітэт кіраваньня)?
- Навучаньне. Гэта дазволіла валейбалістам атрымліваць вышэйшую адукацыю ў родным горадзе, а ня ехаць паступаць у Віцебск, Магілёў, Менск ці Смаленск. У Воршы і трэніраваліся, і вучыліся. Гэта тое, чаго няма цяпер. Акрамя фінансаваньня вялікай бядой «Узьлёта» ўжо шмат гадоў можна назваць адсутнасьць вышэйшай навучальнай установы ў горадзе. Пасьля таго, як БКУК быў расфарміраваны, аршанскія валейбалісты вымушаныя ехаць у іншыя гарады на вучобу, хтосьці пераходзіць у іншыя каманды, а хтосьці проста завязвае з валейболам. Вядома, хтосьці мог бы пайсьці на завочнае, але гэта справа кожнага, а ўсе ня пойдуць. Таму падобны лёс чакае і «Кацюшу», сфармаваную сёлета. Дзяўчаты падрастуць, а далей паўстане пытаньне пра працяг адукацыі. І 80% каманды паедзе ў іншыя гарады. Калі б універсітэт у Воршы быў, гэта вырашыла б шмат праблем нашага горада, у тым ліку і праблему з ад’ездам валейбалістаў.
- А матчы каманда заўсёды гуляла на «Легмашы»?
- Адзін год, калі на «Легмашы» быў рамонт, мы гулялі ў гімнастычнай залі, дзе была старая лазьня. Увесь астатні час на «Легмашы». Ня толькі на гаўбцы людзі былі. Гледачоў зьбіралася многа, нават лаўкі стаялі ўнізе вакол пляцоўкі. Запаўнялася ўсё! А потым іх прынялі, цяпер можна толькі зьверху, на гаўбцы стаяць. А там калоны, ня самае зручнае для кагосьці месца, мабыць. І з гадамі людзей на валейбол стала прыходзіць меней. Першы шэраг становіцца, і ўсё. Там колькасьць месцаў абмежаваная. І калі ты прыйшоў на матч пазьней, дык можаш прастаяць гульню ззаду і мала што бачыць на пляцоўцы. Вось некаторыя і перасталі рэгулярна хадзіць на валейбол.
Важнай праблемай можна назваць адсутнасьць інфармацыі пра матчы. Таму на «Ўзьлёт» цяпер ходзяць тыя аршанцы, якія гадамі цікавяцца камандай, канкрэтна валейболам. Гэта трэба ведаць, што ў інтэрнэце існуе суполка «ВК «Взлёт», ведаць кагосьці з валейбалістаў асабіста, патэлефанаваць мне і спытаць, напрыклад. А адкуль даведацца пра матчы не заўзятарам, а простым аршанцам, якія маглі б прыйсьці і захапіцца валейболам? Афішаў матчу зараз ня робяць (фанаты некалькі разоў друкавалі і вешалі афішы ў горадзе, а гарадзкі спорткамітэт афішамі не займаецца - заўвага Orshafans). Аршанскае тэлебачаньне ніяк не анансуе матчы і не паведамляе іх вынікі, прычым ня толькі ў валейболе, а ва ўсім аршанскім спорце. Адсюль атрымліваецца, што тысячы аршанцаў нават ня ведаюць, што ў горадзе існуе валейбольная каманда, цяпер яшчэ дадалася і жаночая. Часам пройдзе анонс гульні кароткай абвесткай па аршанскім радыё, але радыё СКІФ далёк ня ўсе слухаюць, пераважна толькі аўтамабілісты. Маглі б, прынамсі, і на электронным табло ў цэнтры даваць інфармацыю. Трэба пашыраць сродкі апавяшчэньня людзей. Я вось заўсёды ведаю, калі ў Воршы матакрос, бо абвесткі нават у маршрутках робяць. Нават пра футбол, афішы якога былі раней у горадзе паўсюль, цяпер мала дзе прачытаеш, толькі ў цэнтры лепяць 1-2 афішы.
- За «Ўзьлёт» яшчэ і аршанцы гуляюць, чаго не сказаць пра футбол і тым больш хакей...
- Так, у нашым цяперашнім складзе, і гэта пасьля майго сыходу на трэнерскую працу, 4 прыезджыя. Два зь Віцебску, два зь Менску, астатнія аршанцы, касьцяк каманды, як і заўсёды, складаецца пераважна з аршанскіх валейбалістаў. Але ня буду крывіць душой - «Узьлёт» самая бедная каманда горада. Ясна, што грошы ў хакеі, але параўнаем з футболам, які цяпер перажывае далёк ня лепшыя часы. Харчаваньне футбаліста «Воршы» на дзень - 14 рублёў, зусім не вялікая сума для нармальных трэніровак. А ў валейбаліста «Ўзьлёта» - 7, яшчэ меней. У Гомелі чатыры каманды ў валейболе, і іх забясьпечваюць. Няўжо ў Воршы нельга ўтрымліваць «Узьлёт» на годным узроўні? Я ў маладосьці імкнуўся застацца ў памяці гледачоў сваёй гульнёй. А цяпер часы трохі іншыя, маладыя хлопцы хочуць яшчэ хоць нейкія грошы зарабіць, а не на чыстым энтузіязме выходзіць. І я гэта разумею. А пакуль ім грошай хапае максімум дзяўчыну на марозіва звадзіць.
Часам здараецца так, прыязджае да нас каманда, слабейшая па ўзроўні. Мы яе перамагаем. Але псіхалагічна нашы «ўзьлётаўцы» падаюць духам, думаюць - ну вось мы мацней, але ў супернікаў красоўкі, форма аднаго стылю. Я мяркую, для горада было б прэстыжна і правільна купіць «Узьлёту» два камплекты формы і красоўкі. Гэта ў гарадзкіх маштабах невялікія грошы. Цягам апошніх дзесяці гадоў усе валейбалісты куплялі сабе красоўкі самі. Аднойчы толькі, шмат гадоў таму, нам касьцюмы закупілі. А гульнявая форма зноў жа - за грошы саміх валейбалістаў. На дадзены момант у нас толькі адзін камплект, чорна-жоўты. Які быў, такі купілі. Гучыць усё прыгожа «Найвышэйшая ліга, дывізіён Б». Але па факце мы аматарскі клуб, не прафесійны. Усе працуюць і вучацца, многія ў іншых гарадах. А трэба трэніравацца па 2 разы на суткі, быць усёй камандзе разам. Калі стварыць «Узьлёту» ўмовы, тады можна і патрабаваць вынік.
- Тут нельга не вярнуцца да пытаньня ўніверсітэту...
- Безумоўна. На першую пару хаця б філіял нейкага ўніверсітэту! І тады большасьць валейбалістаў не пераедзе ў іншыя гарады, будуць жыць у роднай Воршы, з бацькамі, гуляць пры сваёй публіцы, а не ў чужых камандах. Гэта на паверхні, асабліва з улікам валейбольных традыцый Воршы - калі зараз даць грошы на «Ўзьлёт», мы зможам вярнуць, менавіта не купіць, а вярнуць у горад цэлы шэраг нашых выхаванцаў, цудоўных валейбалістаў. І ўжо з такім складам у мяне няма сумневаў, што вернемся ў Дывізіён А і будзем там стала гуляць.
- Каго можна назваць у першую чаргу?
- Частка людзей нават прыпыніла заняткі валейболам, бо гэта адымае шмат часу і здароўя, а трэба яшчэ вучыцца, працаваць, карміць сем’і. Напрыклад, браты Анташкевічы - ў нядаўнім мінулым зоркі «Ўзьлёта», вядучыя гульцы каманды. Яны сышлі з валейболу з-за гэтай беднасьці, акрамя Воршы былі яшчэ ў Віцебску, правялі сезон за «Марка». Блізьняцоў гуляе ў «Заходнім Бугу» берасьцейскім. Улад Тамашэўскі ў РДУАРы менскім. І гэта ўсё моладзь пераважна, якая яшчэ не адзін сезон зможа гуляць. Яшчэ можна пару-тройку валейбалістаў старэйшага ўзросту падцягнуць, вопытныя гульцы дапамаглі б камандзе, тым больш на ўзроўні Дывізіёну Б. Вось так павелічэньне фінансаваньня дазволіла б вярнуць шмат добрых валейбалістаў у Воршу. Ёсьць жа розьніца, атрымліваць у месяц 120 рублёў і атрымліваць у раёне 500-600? Тады валейболам можна зарабляць, ёсьць дадатковы стымул для трэніровак. І трэба цалкам выкладацца на іх, а ня думаць, як пасьля трэніроўкі ці матчу на працу яшчэ пасьпець. Юныя гледачы пацягнуліся б у секцыі. Больш, чым цяпер. «Узьлёт» заслужыў чалавечага стаўленьня і прагрэсу. Гэтага вельмі хацеў Уладзімір Іванавіч Купава, першы трэнер каманды.
Аляксей Блізьняцоў
- Якія яшчэ былі заўважныя валейбалісты ў мінулым, да прыкладу, у 00-хх?
- Мноства аршанцаў пасьпяхова выступалі і выступаюць за іншыя клубы Беларусі і замежжа. Быў Ігар Жабіцкі, ён акрамя «Ўзьлёту» гуляў за менскі «Фенікс», была неблагая такая каманда. Але ўжо шмат гадоў таму Ігар скончыў кар’еру. Заяц з Воршы паехаў у Францыю выступаць, праўда, ён нават не пасьпеў згуляць ва «Ўзьлёце», адразу пераехаў туды. Сяргей Шавека перайшоў ад нас у «Тэхнапрыбор», там і скончыў. Зь ім пераязджаў у Магілёў і Юра Бацян, ён потым выступаў яшчэ ў Берасьці, на некаторы час вяртаўся ў Воршу. Чарныш і Каваленка гуляюць сёньня ў чэмпіянаце Ізраіля. Гульцы рознага ўзросту, перыядаў. Адным словам, у розных пакаленьнях аршанцаў былі і ёсьць добрыя майстры, класныя валейбалісты.
- Уладзімір Іванавіч Купава планаваў, што «Ўзьлёт» будзе гуляць менавіта ўласнымі сіламі, аршанцамі?
- Так, гэта я меў на ўвазе. Разьвіваць свой рэзерв, на асобныя пазіцыі толькі ўзмацняючыся гульцамі зь іншых гарадоў. Гэта быў цікавы чалавек, які цалкам быў адданы валейболу і камандзе. Купава нават адмовіўся ад нейкай высокай пасады ў федэрацыі валейболу, каб далей працаваць з «Узьлётам». Любіў пісаць вершы. Дагэтуль памятаю некаторыя ягоныя тактычныя задумы, ідэі. Ён хацеў набраць каманду леварукіх спартоўцаў. І гуляць у адваротны бок, такім чынам. То бок зьвязка павінна быць праварукая, а ўсе астатнія леварукія. Як у боксе - праўшуну нязручна зь леўшуном, а леўшуну ўсё адно, паколькі ён усё жыцьцё супраць праварукіх баксуе. Тое самае і ў валейболе.
- Сяргей, зь кім даводзілася перасякацца па кар’еры, якія залы запомніліся?
- Больш за ўсё запомнілася зала ў Берасьці, там трыбуны добрыя «лесьвічкай» і людзі эмацыйныя, свой «Буг» падтрымлівалі пастаянна. А іншыя залы пераважна аднолькавыя, людзей паўсюль шмат - як у Жлобіне, так і ў маленькіх Паставах. Не было такога, як у некаторых гарадах цяпер, па 20-30 чалавек. З гульцоў запомніўся Аляксандар Елістратаў, які выступаў за СКА. Алег Ахрэм, яго таксама памятаю добра, мы зь ім выступалі ў Магілёве. Ён мае талент, але й вельмі працавіты, разьвіваў уменьні ў сабе. Аказалася, у яго бацькі зусім не высокага росту, а Алег прыдумляў сабе практыкаваньні і займаўся, вырас да 196 см. А Елістратава я асабліва запомніў па матчы ў Берасьці. Там чацьвёркамі гулялі, разьмяркоўвалі пазіцыі. «Узьлёт» свой матч правёў, і мы на трыбунах глядзелі паядынак «Заходні Буг» - СКА. Заўзятары крычалі так эмацыйна, нават пачалі праводзіць СКА дадому, заклікалі іх купляць квіткі ў свой горад. І тут армейцы гуляюць камбінацыю «пайп» - Елістратаў з вар’яцкай сілай прызямляе мяч на палове «Буга», быццам нагой! Паварочваецца да трыбун і выстаўляе ім сярэдні палец. А затым спакойна ідзе на падачу. Такой цішыні ў берасьцейскай залі я ня чуў ніколі, змоўклі ўсе!
Алег Ахрэм
- Які матч можна назваць самым запамінальным для «Ўзьлёта»?
- Такіх матчаў, вядома, было шмат. Прыгадаю адзін з самых яскравых, у Найвышэйшай лізе. У 2003 годзе прыехаў у Воршу гомельскі валейбольны клуб - ГВК. Каманда, якая адной зь першых ва ўсім беларускім спорце завяла ў інтэрнэце ўласны сайт. Якая заваёўвала медалі, і ў тым сезоне ішла на першым месцы. А мы ішлі на апошнім. Тады прыязджалі з апрабаваньнем пляцоўкі ў пятніцу, а ў суботу ды нядзелю праводзілі матчы. ГВК па прыбыцьці ў Воршу ў пятніцу апрабоўваў пляцоўку гульнёй у... міні-футбол. Наш склад быў такі: Юра Бацян, Далганаў, Маргалкін, Падгол ці Рублеўскі, Ігар Аўсянкін, Цімафей Жвікаў. Мы прагулялі толькі ці першую, ці другую партыю, а ў матчы перамаглі 3:1. Перамаглі лідэраў чэмпіянату! Яны проста ня ведалі, што сказаць. А мы злавілі кураж, у нас падала ўсё, ад адной рукі, ад дзьвюх, ад галавы нават заляцела. У другім матчы ГВК настраляў нам па «касках», яны ўжо зразумелі, што жартаваць з намі ня трэба. Але нам з галавой хапіла першай перамогі над імі. Такія эмоцыі! Жвікаў потым сказаў: «няма чаго было ў футбол на разьмінцы гуляць». Гэта быў трыўмф аршанскага валейболу! У ГВК, ды і ў іншых лідэраў былі прэміяльныя за перамогі, мабыць, па 50 даляраў было. Мы іх пазбавілі і пунктаў, і грошай. Трэнер, здаецца, Загорскі быў тады ў ГВК. Ён быў у шоку, ня мог гаварыць пасьля матчу.