Канцэрт у Менску паказаў, наколькі круты ён, Макс Корж. Ёсьць некалькі рысаў, якія вылучаюць і падымаюць Каржа па-над выканаўцамі гэтага стылю. Адна зь іх - адсутнасьць "хайпу" бяз глебы. Ёсьць мінімум некалькі прычынаў паважаць Макса. Безумоўна, гэта перадусім любоў да свайго. Ён ніколі не хавае таго, што беларус, у кліпах прысутнічаюць атрыбуты беларускасьці. А на канцэрце ў сталіцы Корж выступаў у футболцы ФК "Лунінец". Так, у замежжы ён выходзіў на сцэну ў футболках іншых каманд, але ў роднай Беларусі, у Менску на ім была не футболка аднаго зь мясцовых клубаў, а менавіта "Лунінца", клуба з роднага горада.
Вось і адказ на пытаньне, што такое традыцыі. Чаму фанаты ў розных краінах называюць свае клубы "Старт" (а ня "Ворша"), "Вісмут" (а не "Эрцгебірге"), "Уралмаш" (а не "Ўрал"). Корж не забывае свой родны клуб, хаця "Лунінец" не выступае ў чэмпіянатах Беларусі амаль 20 гадоў, а некалькі год таму ўвогуле спыніў існаваньне. Гэта вельмі нагадвае гісторыю кіеўскага ЦСКА, якога няма ўжо шмат гадоў, спроба аднавіць клуб правалілася, але фанаты па-ранейшаму існуюць і пазіцыянуюць сябе менавіта як фэнаў свайго клуба. Дарэчы, у 2000-м менавіта наш "Старт" перамогай над "Лунінцам" сапсаваў любімай камандзе Каржа турнірнае становішча, і ў выніку яна не паднялася ў Найвышэйшую лігу. Напэўна, у момант, калі даведаўся пра паразу 0:2 у Воршы, яшчэ нікому не вядомы 12-гадовы Максім заплакаў. Але з таго часу даў сабе абяцаньне ганарыцца тым, што ён прыхільнік "Лунінца". Аўтар гэтых радкоў металіст, ён, як і мноства паплечнікаў, ніколі ня стане слухачом Каржа і падобнай яму музыкі, аднак залікае зьвяртаць увагу на сімволіку і важнасьць быць сабой, падтрымліваць родны клуб.