Уладзіслаў Тамашэўскі: напэўна, трэнеры зборнай заўважылі мяне на адным з матчаў "Узьлёта"

Aug 04, 2019 10:02


Аршанец Уладзіслаў Тамашэўскі ў складзе зборнай Беларусі (U-17) заняў 7-е месца на чэмпіянаце Эўропы, фінальная частка якога прайшла ў Балгарыі. Па вяртаньні экс-гульца "Ўзьлёта" дамоў мы крыху паразмаўлялі пра кантынентальны турнір і будучыню валейбаліста.




Улад, як ацэньваеш выступ нашай зборнай у Балгарыі і сваю гульню там?
Выступілі мы годна, з усімі змагаліся. Дзесьці не хапіла майстэрства, недзе псіхалагічна ня справіліся. Я лічу, што дапамагаў камандзе усім чым толькі мог. Дзякуй трэнерскаму штабу за тое, што давалі шанец выйсьці і дапамагчы зборнай. Я задаволены сваёй гульнёй.

Як цябе ўпершыню запрасілі ў зборную, пры якіх абставінах заўважылі?
Нават ня ведаю, калі быў той дакладны момант. Магчыма, за мной назіралі падчас адной з гульняў аршанскага "Ўзьлёта". Я хоць выступаў за каманду непрацяглы час, але, відаць, гэтага хапіла.

Давай удакладнім твае функцыі на пляцоўцы. Усё-ткі блог могуць чытаць людзі, якія нячаста ў мінулым хадзілі на "Ўзьлёт", і проста юныя аматары спорту. Яны могуць яшчэ ня ведаць валейбольных амплуа.
Па амплуа я злучны (setter - анг., разыгрывающий - рас., rozgrywający - пол., Zuspieler - ням., passeur - фр., palleggiatore - іт.). Гэтая пазіцыя надзвычай важная для кожнай валейбольнай дружыны. Расслабляцца нельга, бо злучны - гэта як мозг каманды. Ён павінен аддаць камфортную перадачу нападніку, каб той змог забіць або адыграцца ад блоку. Як мяне вучылі - добры злучны гэта той, хто зможа зь любога прыёму зрабіць добрую перадачу.


Які матч быў самым цяжкім на турніры?
Ой, усе матчы былі цяжкія, але як па мне, дык самы складаны матч быў супраць каманды Расеі. Таму што гэта быў апошні паядынак турніру для нас, і мы ўсе на той момант былі ўжо стомленыя пасьля папярэдніх няпростых сустрэч. Але змагаліся і з апошніх сіл вырвалі перамогу!




Улад, ці спадабалася табе арганізацыя чэмпіянату?
Мне ўсё спадабалася, ніякіх накладак. Пералёт прайшоў удала, харчаваньне было шыкоўным, усяго хапала.

У камандзе зьявіліся сябры, зь якімі часьцей за ўсё размаўляеш, перапісваешся?
Вядома! Я вельмі добра ўліўся ў калектыў, так што я з усімі добра і часта маю зносіны, але больш за ўсё я размаўляю з капітанам і другім злучным каманды гарадзенцам Максімам Троцкім.



Побач з Уладзіславам Тамашэўскім (у сіняй форме) - ягоны сябар Максім Троцкі (у цэнтры)



На Эўра-2019 аршанец выступаў пад №3

Францыя, Балгарыя, Польшча - такія прызёры чэмпіянату Эўропы. Вынік розыгрышу справядлівы, на тваю думку?
Ну, усе гэтыя каманды даказалі, што яны цяпер на добрым узроўні. Вынік розыгрышу справядлівы, асабліва перамога зборнай Францыі. Гульцы гэтай каманды паказалі вельмі класны валейбол, таму лічу, што французы заслужана сталі чэмпіёнамі кантынента.

Атлеты часта скардзяцца, што бачаць гарады і краіны, у якіх праходзяць змаганьні, толькі у вакно аўтобуса ды ілюмінатар самалёта. Вы пасьпелі наведаць нешта ў Балгарыі, апрача спартовых арэн і гатэлю?
Так, мы з камандай прагуляліся па Сафіі. Цудоўны горад з мноствам цікавых месцаў! Купілі сувеніры, натуральна. Слодычы, магніцікі.

Новы сезон набліжаецца. Дзе ты яго пачнеш, як ідзе падрыхтоўка?
Падрыхтоўка да чарговага чэмпіянату ідзе выдатна, усё як мае быць! А новы сезон я пачну ў сталічным РДУАР.



Уладзіслаў Тамашэўскі ў складзе "Ўзьлёта"

Якое ў цябе хобі?
Акрамя валейболу я магу яшчэ пагуляць у відэагульні. Музыку слухаю розную і шмат, пераважна гэта сучасныя выканаўцы. Альбо проста англамоўныя. Стыль дакладна не скажу, слухаю розныя жанры.

Як ты настройваешся на матчы?
Звычайна слухаю музыку і пракручваю ў галаве ход бліжэйшай гульні.


ВК "Узьлёт", валейбол, Беларусь, артыкулы

Previous post Next post
Up