Першы раз за доўгія месяцы на выправу адправіліся якасным складам. 5 чалавек загрузіліся ў транспарт і паехалі скараць Наваполацк, у якім летась наша каманда не была горшай за "Нафтан", але прайграла. Тады нас было паболей, але наракаць нешта ня ў нашых правілах. Размовы пра палітыку, футбол, музыку і Воршу. Дарэчы, па музыцы ўсё прайшло выдатна - панк, ой!, ска, мэтал, рэгі... І ніякага недарэпу з імітаваньнем акцэнту і праглынаньнем словаў, які так любіць сучасная моладзь. Нахер гэта, толькі нармальная музыка!
Па дарозе сустракаем у Шуміліне ці недзе на пад'ездах да яго мясцовага аматара пладова-выгаднага з упаковачак з-пад ёгурта. Чувак нават не прачынаецца, спакойна сьпіць, пакуль фоткаемся побач.
Далей заязджаем у Наваполацк і вырашаем зрабіць экскурсію па прадпрыемствах, "з афіцыйным візітам") З "Паліміра" нас праганяе служба ахова, заяўляючы, што перад намі стратэгічны аб'ект. Гадзіньнік сфоткаць пасьпяваем. Далей едзем на "Нафтан", які знаходзіцца зусім побач. Тут фоткаемся каля ТЭЦ. Далей яшчэ міні-экскурсія па горадзе міма ўніверсітэта і трамвайных каляінаў.
Пасьля экскурсійнай праграмы прыязджаем на стадыён, трэба ўжо рыхтавацца да матчу. І тут бачым, што, аказваецца, гульня адбудзецца не на олдскульным "Атланце", а на яго хапасным полі. Адстой! "Тыпавік", на якім па гуме бегаюць футбалісты, а на трыбунках мэталёвай канструкцыі ў некалькі шэрагаў сядзяць гледачы. Максімальна панылае відовішча. Насупраць трыбуны - парк, дзе дагэтуль ёсьць атракцыён "Віхор", якога ўжо больш за дзясятак гадоў няма ў Воршы.
Матч аршанцы заслужана выйграюць. Шыза выязнога сектару класная, у першым тайме не змаўкаем, у другім амаль не змаўкаем. І "Орша правит миром", і гімн Воршы і многія іншыя зарады. Сектар "Нафтана", які раней быў прадстаўнічы, цяпер падтрымлівае сваю каманду слаба, у другім тайме стаіць практычна ўвесь час моўчкі. А мы зараджаем да разрыву цягліцаў горла. Сіня-белыя спраўляюцца на выдта. Ёсьць важная перамога ў абласным дэрбі! Пасьля гульні каманда ў поўным складзе сьвяткуе перамогу з сектарам. Аршанскія бармалеі нездарма ехалі на поўнач краіны!
Пасьля гульні ненадоўга застаемся ў Наваполацку, затым пакідаем горад і накіроўваемся ў Віцебск. Вядома, ня рознае папсовае лайно на "Славянскім базары" слухаць, а якасную музыку. Завітваем у "Торвальд", блукаем вуліцамі цэнтру, а затым гонім у родную Воршу.