Даўні заўзятар аршанскага "Старта" Леанід Шалюцін ужо 30 гадоў жыве ў Ізраілі. На просьбу блога Orshafans спадар Леанід узгадаў некаторыя моманты аршанскага футболу старых часоў, якіх ня бачыла большасьць тых заўзятараў, якія ходзяць на матчы футбольнага клуба "Орша" цяпер. Даем слова!
Першы раз на стадыён я трапіў больш за 50 гадоў таму. Тады наш Гарадзкі стадыён быў іншы, хаця знаходзіўся ў тым самым месцы. У мяне многае засталося ў памяці. Пры кожным заводзе існавала свая каманда, паміж імі разыгрывалася першынство горада. Моцнымі традыцыйна былі Завод швейных машын (ЗШМ), потым яна стала называцца "Стартам", і каманда завода "Чырвоны барацьбіт". Гэта было свайго роду дэрбі "Барселона" - "Рэал", толькі ў маштабах Воршы. Ажыятаж быў вельмі вялікі ў горадзе! Гэта былі гранды мясцовага футболу. Моцнай камандай была і АТП (Аўтобусна-таксаматорны парк). Людзі запаўнялі трыбуны, перажывалі. Сустрэчы праходзілі на даволі высокім узроўні. А я ведаў усіх футбалістаў, са многімі быў асабіста знаёмы. Шынкевіч, Маргалкін, Саўчанкаў, Шакуля... У Шакулі бацька быў таксама добрым футбалістам, за "Лакаматыў" выступаў. Добрая каманда зьбіралася і ў "Лакаматыва", чыгуначнікі маглі парадаваць якаснай гульнёй.
Ну, а потым у Барані ўзвысіўся "Тэмп", сотням аршанцаў трывала запомніліся матчы "Старта" з "Тэмпам", якія гэта гульні былі! Іх можна назваць сапраўднымі дэрбі. Спачатку яны канкуравалі за ўнутраныя аршанскія трафеі і за абласныя, а потым сталі выступаць абодва ў чэмпіянаце рэспублікі. Аршанскі стадыён, усё-ткі, куды больш перажываў за "Старт" - гарадзкая ж каманда! Але Барань заўсёды давала добрую канкурэнцыю ў лакальных дэрбі. Зоркай "Тэмпа" быў Альберт Леановіч, у "Старта" яскравай асобай быў Генадзь Галубовіч. Цікава! Тым больш, футбол быў непрафесійны, усе гульцы працавалі на заводах. Вядома, яны не працавалі так, як іх калегі па цэху, штодня, але сапраўды мелі працоўную кваліфікацыю, дапамагалі прадпрыемству ня толькі на футбольным полі. Ну, а перад матчамі, натуральна, іх вызвалялі ад працы, яны ўжо трэніраваліся тады. І ў гульні, нават калі саступалі іншым камандам у майстэрстве, змагаліся да канца, аддавалі сябе, такі падыход да футболу заўзятарам падабаўся! На фота: матч ЗШМ зь менскім "Тарпеда", 1960 год.
Мяне на стадыён прывёў тата, мне было 10 гадоў. Гэта было штосьці з чымсьці, так спадабалася! І я захварэў гэтым, а калі ты ўжо захварэў на футбол, дык гэта на ўсё жыцьцё! Стаў цікавіцца ўсім, цяпер таксама вяду і статыстыку, і фота праглядаю, і табліцы. Жыву гэтым і цяпер. У тую эпоху не было інтэрнэту, тэлефон былі далёк ня ў кожнай кватэры, але ўвесь горад ведаў, дзе і калі, і паміж кім матч, прыходзілі. Афішы вывешваліся на інфармацыйныя дошкі, адзін паглядзіць - распавядзе сябрам. Так і даведваліся. Сустракаліся, размаўлялі, спрачаліся пра футбол, востра!
У Воршу прыязджалі знакамітыя ветэраны савецкага футболу. Стартаўцы гулялі, напрыклад, з камандай ветэранаў Масквы. Прыязджаў славуты Эдуард Стральцоў. Георгі Ярцаў прыязджаў, Вагіз Хідыятулін, прыязджалі і зоркі беларускага футболу, Міхаіл Мустыгін, Юры Пагальнікаў, іншыя... О! Гэтыя людзі даходзілі да зборнай Савецкага Саюза, а тут яны перад нашымі вачыма!
Таксама ў нашым горадзе праводзіліся матчы адной з зонаў юнацкага першынства СССР. І шэраг тых гульцоў, якія выступалі тады, сталі потым зоркамі дарослага футболу, напрыклад, кіеўскага "Дынама" пад кіраўніцтвам Валерыя Лабаноўскага. Я пастаянна езьдзіў у Менск на матчы "Дынама", часта быў і ў Маскве, заўзеў за "Спартак", гэта таксама мая даўняя любоў.
Стары гарадзкі стадыён стаяў на тым жа месцы, дзе знаходзіцца й цяперашні. Была адна невысокая трыбуна з драўлянымі лаўкамі. Мяч падчас гульні часта вылятаў за плот, яго лавілі адмыслова, каб ня трапіў у Дняпро і не паплыў. Стаяла радзільня, як і цяпер, і кінатэатар "Перамога" быў, на стадыёне быў уваход і касы, квіткі каштавалі, калі правільна ўспамінаю, па 30 капеек. Але мы, калі былі яшчэ дзецьмі, часта пераскоквалі цераз плот, каб трапіць на футбол бясплатна.