Orshafans 8 гадоў

Mar 03, 2019 10:05


Як кажуць, πάντα ρεῖ καὶ οὐδὲν μένει. Усё цячэ, усё зьмяняецца. Зьмяняемся і мы, спадзяемся, што ў лепшы бок. Набываем карысны вопыт, працягваем рушыць за клубам, вывучаем розныя гарады і краіны, натуральна і родную Беларусь, сустракаемся зь цікавымі (і ня вельмі) людзьмі. Блог Orshafans пачынаўся бяз думак пра доўгае ці кароткае існаваньне. Ён проста пачынаўся, каб асьвятляць фанацкае жыцьцё. У даволі хуткім часе пасьля пачатку 9-га лютага 2011 году рэдакцыя зьвярнулася да каранёў, ад таго моманту гісторыя нашага ФК стала неад'емнай тэмай блога і заняла пачэснае месца і вялікую долю ад публікацый. З гонарам паведамляем, што за гэтыя 8 гадоў нам удалося сабраць буйны архіў інфармацыі пра футбол у Воршы, пра гісторыю нашага клуба і яго футбалістаў. На дадзены момант такога зводу інфармацыі пра наш клуб ня мае ніхто. А ў інтэрнэце, дык 100%.

Мы працягваем сачыць за клубам і падтрымліваць яго, нягледзячы на рэпрэсіі і іншыя праблемы, зь якімі сутыкнуліся за гэтыя гады. Мабыць, прыйдзе час, калі праект Orshafans зь нейкіх прычынаў будзе закінуты. Аднак мы прыкладзем усе высілкі, каб гэта здарылася як мага пазьней. Паспрабуем выхаваць хаця б пару-тройку чалавек з маладога пакаленьня, якія падхопяць нашу ініцыятыву і будуць далей вывучаць гісторыю "Старта", а таксама актыўна падтрымліваць яго дома і на выправах. Розныя прычыны змусілі апублікаваць допіс пра 8-годдзе блогу амаль на месяц пазьней за яго дзень народзінаў. Але пераймацца з гэтага ня варта - гэта сьвята ня толькі рэдакцыйнае, гэта сьвята ўсіх, каму неабыякавыя сіня-белыя колеры нашага гурта, найлепшага ў сьвеце клуба!

P.S. Наш стартаўскі мастак выканаў чарговы малюнак, на гэты раз у гонар 8-годдзя Orshafans.




P.S.S. Даем спасылкі на цэтлікі (тэгі) па нашых адрасах. orshafans.livejournal.com ( люты 2011 - чэрвень 2015) і  orshafans2.livejournal.com ( чэрвень 2015 - ). Там вы зможаце знайсьці інфармацыю па тэмах, якія вас цікавяць.

супраць сучаснага футбола (AMF), livejournal, сьвята, welcome, Аршыца ультрас

Previous post Next post
Up