5.08. Выправа ў Пінск. Хараство Палесься, яблыкі і 1:5

Aug 07, 2017 20:56


Пінск быў для нас горадам, пра які мы мала думалі. Шмат часу мы гулялі зь мясцовай “Хваляй” (раней “Пінскам-900”) у розных лігах, не сустракаліся і на кубкавых шляхах. А сёлета - бінго! Ажно два матчы ў Пінску. Першы ў Кубку выйгралі без праблемаў 8:0 у мясцовага СДзЮШАР № 3, а вось другі абяцаў быць вострым і цяжкім для нас. “Хваля” ўмацоўваецца, у горадзе ёсьць футбольная акадэмія. А ў Оршы футбольная школа не на ўзроўні, а перад пачаткам другой паловы чэмпіянату з нашага клуба пачалі імкліва разьбягацца гульцы. Фактычна, сышла палова футбалістаў, якія былі ў заяўцы на першы матч з “Хваляй”, які мы прайгралі дома 0:1. Ну, а цяпер пра саму выправу.



За апошні час эканамічная сітуацыя, у прыватнасьці, у Оршы стала настолькі складанай, што шмат фанатаў нашага клуба змушаныя былі зьехаць у іншыя гарады і краіны на заробкі. Гэта адна з асноўных прычын нашага малога сектару дома і ў гасьцях. У такой сітуацыі плюс толькі адзін - вырасла колькасьць прыхільнікаў ФКО ў блізкім і далёкім замежжы.



Але ня будзем апраўдвацца, у кожным выпадку мы павінны падтрымліваць свой клуб і знаходзіць шанцы паехаць за ім. Вось і тут мы доўгі час пакутвалі ад розных праблемаў. Але вырашылі ўсе пытаньні, сабраліся і выехалі саставам у 4 чалавекі. Па дарозе, як мы любім, заехалі ў некалькі адметных вёсачак на Палесьсі, назіралі за жыцьцём буслоў, за старымі і новымі цэрквамі, касьцёламі, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі. Асобныя палешукі, верагодна, думалі, што аршанская брыгада прыехала на поўдзень краіны за агуркамі. Але яны жорстка памыляліся, паесьці мы любім, а ехалі ўсё-ткі на мяч.





З-за ўсіх навінаў, якія папярэднічалі матчу, мы зразумелі, што пры ўсім жаданьні перамогі, радавацца будзем нават нічыйнаму выніку. Першы матч каманды такім саставам. Прыязджаем у Пінск незадоўга да футбола, гуляем па горадзе, фатаграфуемся. Нас заўважаюць і мясцовыя аматары футбола. Адзін тып у бэйсболцы стаіць і глядзіць на нас, нібыта зайздросьціць татуіроўкам :) Пінск чароўны горад і заслугоўвае стаць турыстычным пунктам. На жаль, беларусы мала ведаюць пра сваю краіну і тут было няшмат аршанцаў, а дарма. Паглядзець тут ёсць на што, можна і адпачыць на беразе ракі, і зайсьці ў прыгожа аформлены бар, і пагутарыць зь мясцовымі людзьмі. Файна!











А мы скончваем гуляць па горадзе, часу ў нас ня так шмат, ідзем на стадыён. Крыху загуляліся, таму спазьніліся на стадыён. Заходзім на стадыён і пачынаецца кантроль. У Пінску аформленыя квіткі на матч, а не бляклыя чэкі, як у нас. Ды практычна ўсё лепей у плане футбола, чым у Оршы. Крыўдна. На касах ад нас патрабуюць купіць квіткі на матч за 1,5 рублі, тут і на гасьцявы сектар уваход планы. Даюцца ў знакі два дзясяткі карабочкаў ад запалак на сталах, адабраныя ў заўзятараў. У Пінску, выходзіць, прынята падкурваць звычайна ад запалак, а не ад запальніц, таксама свой стыль. Нас вядуць на сектар, і тут мы чуем крык трыбунаў і радасны голас дыктара. Разумеем, што нашы прапусьцілі. Так і ёсьць - на 12-й хвіліне “Хваля” выйшла наперад, а мы зайшлі на свой сектар праз хвіліну.

Першы тайм нас ня радуе, супернік яшчэ двойчы дабіваецца посьпеху да перапынку. А мы шызім як можам, каб дапамагчы клубу. Па трэцім голе “Хвалі” пачынаецца перакідваньне негатыўнымі зарадамі, усё як мы любім. Мясцовыя сьпяваюць “девочки, не плачьте”, мы адказваем: “Вы сбежали из зоопарка”. У наш бок ідзе зарад на матыў песні “Чужие губы”, які сканчаецца згадкай нашых сяброў з МТЗ і нашай нібыта залежнасьці ад кагосьці. На гэтае трызьненьне пінчукоў адказваем зарадам “Берасьцейскія цюлені”, маючы на ўвазе даўняе сяброўства Пінска зь берасьцейскім “Дынама” з улікам таго, што ў Оршу на выправе частку гасьцявога сектару якраз займалі берасьцейцы. Сектар “Хвалі” відавочна крыўдзіцца на тое, што мы сказалі праўду, і зараджае, што нібыта ня чуе нас. Мы раім пінчукам купіць на сектар мікрафоны, каб іх сектар быў хоць трошку гучней.

У перапынку сектар “Хвалі” праходзіць міма нашай гасьцявухі ў прыбіральню. Сыпяцца ўзаемныя абразы. Зьдзіўляе, што спыняецца дарослы фэн пінчукоў і пачынае фоткаць наш сектар на тэлефон. Ладна б гэта рабіў школьнік, а тут… Неяк несур’ёзна. Але пры гэтым адзначым, што Пінск усё ж паказвае неблагі ўзровень падтрымкі, і да нас у Оршу са сваімі сябрамі яны прыехалі ў нармальным саставе. Ну а правакацыі правакацыямі. Мяркуем, пра інтэлектуальны ўзровень сектару шмат гаворыць яго рэпертуар. І калі праходзячы міма нас, фэны Пінска ўхваляюць атрады СС, тут можна толькі паспачуваць хворым. Наша рэакцыя на чарговае нацысцкае дзярмо - выкрыкі “Курвы!” у бок візаві. Сьмешна і ў Пінску таксама назіраць клоўнаў у дзягах з “чырвонымі” сярпом і молатам, якія выкрыкваюць “карычневыя” зарады. Вы ўжо вызначыцеся, калі-небудзь, вы “ўнукі” якога з падонкаў, Сталіна ці Гітлера?! І няхай вашы дзяўчыны з сектару паглядзяць фоткі ахвяр гэтых рэжымаў, ці хацелі б яны быць такімі. Пінск у свой час пакутваў і ад чырвонай, і ад карычневай заразы.

У перапынку разыгрываюць піцу, даведваемся, што на стадыён перад пачаткам сезону клуб прадае абанементы. Абанементы, сябры! Калі гэта будзе лічыцца за норму ў Оршы?



Другі тайм. Каманда адзначаецца няўважлівасьцю. Прапускаем двойчы. Пасьля пятага голу ў нашу браму на стадыёне гучыць песьня “Аргентина-Ямайка 5:0”. Узаконены зьдзек з суперніка. Што ж, арыгінальна і цікава “пад’**алі”, залік! Ды і наогул, кожны гол “Хвалі” сьвяткаваўся на стадыёне дыктарам, атмасферу ствараюць, абанементы прадаюць, розыгрышы праводзяць, акадэмія ёсьць. У Пінску будучыня футбола пакуль выглядае вельмі перспектыўнай, а ў Оршы - туманнае заўтра. Застаецца - ня ведаем што - маліцца можа? Каб да кіраваньня клубам прыйшлі путныя людзі, якія б і атрыбутыку прадавалі, і на стадыёне ставілі адэкватную музыку. Ай, усё гэта пакуль мары, жаданае, а нічога мы ня бачым у рэчаіснасьці. Гэта нагадвае крыкі вандроўніка, якога мучае смага ў пустэльні…



Шызім напоўніцу, гонім каманду наперад як толькі можам. Атрымоўваюцца добрыя атакі часам, у адной сітуацыі Коля Кітаёў робіць цудоўны прастрэл, але партнёр нечуваным чынам не пасьпявае яго замкнуць. Там было прасьцей забіць, чым прамахнуцца, але футбаліст “Старта” робіць менавіта другое! І ў цэлым ня скажам, што нашы дзейнічалі неяк асьцярожна ці правалілі матч. Не. Няўважлівасьць у абароне падвяла. А выхад Колі на замену аказаўся і плённым, і вясёлым. У адной з атак Коля прэсінгаваў брамніка “Хвалі” і размахваў перад ім рукамі. Весялуха! Такія людзі, як М.Кітаёў заслугоўваюць асобнай порцыі апладысьментаў з нашага сектару. У любой сітуацыі застаецца самім сабой!



За 2 хвіліны да канца матчу наш сектар “заварочваюць” дамоў. На жаль, даглядзець гульню не ўдалося, ну хаця б кайф пінчукам сапсавалі. Антоненка, якога мы бачылі першы раз, правёў мяч прэстыжу. Прагулялі 1:5. Яшчэ кружляем па Пінску, разглядаем хараство заходнепалескай сталіцы. Стомленыя, але задаволеныя выправай. Вынік толькі радасьці не прынёс, а вось шыза якраз была на ўзроўні. Усе галасы сарваныя і мы хрыпім быццам бічы з Копакабаны. На адваротным шляху завіталі за палескімі яблыкамі. Стары й вядомы прынцып “Тихо сп**дил и ушёл, называется нашёл”! Яблычкі яшчэ не “дайшлі” да канца, але есьці ўжо можна, асабліва з галадухі. Наведваем знакамітыя Целяханы. Выяўляецца, двое з нас у дзяцінстве каталіся на тутэйшых лыжах!



Уначы позна прыязджаем у родны горад.

Можам аб’ехаць паўсьвету, аднак Орша застанецца самай жаданай.



Пінск, футбалісты ФКО, Беларусь, выправы, М.Кітаёў, Хваля (Пінск), Старт Орша, Аршыца ультрас

Previous post Next post
Up