Старт (Орша) - Слонім - 1:2

May 28, 2017 14:42

Крыўда, вялікая крыўда. Госьці са “Слоніма” нічога асаблівага не паказалі на нашым стадыёне, але павезьлі ў свой горад 3 пункты. Другі матч запар прайграем і зноў з-за няўважлівасьці ў канцы. Ад “Промня” прапусьцілі за 3 хвіліны да канца, ад “Слоніма” ўвогуле на 90+3 хвіліне. Нельга сказаць, што “Старт” правёў кепскі матч, не. Але далёкі ад выдатных ацэнак. За гульню камандзе можна паставіць адзнаку 6, ня больш. Адзіны мяч у аршанскай каманды на рахунку Жданка на 36-й хвіліне (1:1), Дзіма забіў ужо 4 гол у чэмпіянаце! І толькі гэтаму мы можам радавацца. Пройгрыш 1:2.

Парадавала форма - нарэшце сіняя зь невялічкімі белымі ўстаўкамі. Значна лепей за белы варыянт цяперашняга сезону. На такую форму прыемна глядзець!



Суддзя-дзяўчына Вольга Цярэшка з Маладзечна справілася са сваёй працай, нават камандавала футбалістамі гучна, чаго не пачуеш ад арбітраў-мужыкоў. І адпрацавала брыгада без вялікіх памылак.

На сектары 10 чалавек. Міліцыя вырашыла, што дарма есьць хлеб і вырашыла зноў да чаго-небудзь дачапіцца. На пачатку другога тайму нам было забаронена выконваць песню “Задняпроўе, Курган”, якую дагэтуль мы сьпявалі на многіх хатніх матчах. Людзям у пагонах, якія старанна ахоўваюць футбол ад заўзятараў, не спадабаўся радок “людзі вольныя, зэкі і п’яніцы…” Зь песьні словаў ня выкінеш. Такіх бы людзей зь міліцыі ў якую-небудзь арганізацыю па эстраднай цэнзуры, і музыцы прыйшоў бы поўны канец, а ўсе сядзелі бы па турмах. Цырк на дроце. Пры гэтым, у той жа дзень з адной міліцэйскай машыны ў Оршы даносіўся шансон з мацюкамі. І іх калегі вучаць нас культуры??!

Шыза сярэдняга ўзроўню, месцамі вельмі класная. У канцы гульні, нягледзячы ні на што, дзякуем камандзе за гульню і гукаем на ўвесь стадыён “ФКО! ФКО! ФКО!” Госьці не прыехалі.



На матч прыйшло няшмат гледачоў, чалавек 600 толькі, наведваемасьць хатніх матчаў сур’ёзна ўпала, хаця мы не аўтсайдэры. Вось так любім футбол? І ня трэба хавацца за пасадкай бульбы, гэта адгаворкі для слабых. Пасьля гульні, дарэчы, аршанцы чарговы раз убачылі, як “клапоцяцца” пра нашу бясьпеку на стадыёне - амаль усю міліцыю пашыхтавалі на галоўным уваходзе і ў сухой рэшце выйшла, што “пагонаў” ледзьве ня больш за звычайных людзей, якія прыйшлі падтрымаць клуб. Навошта столькі? Пытаньне рытарычнае.



Падтрымлівайце аршанскі “Старт” нягледзячы ні на што! Мы ходзім на футбол дзеля свайго клуба і любімай гульні. ФКО назаўжды!

P.S. У турнірнай табліцы адкаціліся на 7-ю пазіцыю.


Камунальнік (Слонім), Старт Орша, acab, табліцы

Previous post Next post
Up