У Смаргонь адправіліся толькі 2 фэнаў слаўнай "Оршы". Было вырашана вывучыць горад і прыехаць туды рана. Хаця, шчыра кажучы, першапачаткова не думалася, што горад цікавы і мы нават пасьпелі крыху пашкадаваць пра сваё рашэньне правесьці там шмат часу, аднак затым забыліся пра гэта. Выявілася, у Смаргоні ёсьць на што глядзець і чым захапляцца. Гарадок даволі ўтульны і кампактны. У 50 метрах ад стадыёна стаіць помнік вялікаму беларусу Францішку Багушэвічу. Ну і, вядома ж, мясцовы мядзьведзь - у горадзе была школа дрэсуры мядзьведзяў, так званая "Акадэмія", якую заснавалі Радзівілы. Нечакана для нас саміх зьявілася ідэя наведаць мясцовы музей, уразіла тое, колькі на Смаргоншчыне помнікаў ахвярам 1-й Сусьветнай вайны, прычым з рознымі "архітэктурнымі" рашэньнямі.
А далей піва і сам футбол! Павіталі каманду, якая прыбыла на гульню ўсяго толькі за гадзіну да стартавага сьвістку, неўзабаве пайшлі на сектар. Дзеяньні міліцыянтаў не былі жорсткімі, але, як даўно заведзена, былі некаторыя дзівацтвы. Перапіс дадзеных і... забарона на рамяні. Каго б мы пабілі рамянямі на сектары, аточаным "полісамі" - пытаньне года. У выніку рамяні цэлы матч правіселі на дрэве і зьвінелі падчас ветру і дажджу. Смаргонскія зьявіліся толькі хвілін за 10 да матчу, калі мы ўжо былі на сектары. Думалі, іх зусім ня будзе, але яны яшчэ ня вымерлі. Усё, на што хапіла іх інтэлектуальнага разьвіцьця - прайсьці за стадыёнам пад нашым сектарам і пакрычаць "gnls" і "зіг хайль" з характэрна выцягнутымі наперад рукамі. Зрэшты, чаго чакаць ад сабутэльнікаў прыхільнікаў "віцебска"?! На самой гульні яны вывесілі банэр і шызілі толькі ў першым тайме. Мы спрабавалі зараджаць цягам усяго матчу, як хапала сілаў, наколькі наогул здольныя падтрымліваць клуб двое выязных.
Пра непасрэдна футбол казаць ня надта хочацца. Самы правальны матч "Оршы" за апошнія некалькі сезонаў. Нават так. Параза без варыянтаў 0:6. Верым, што ўжо ў бліжэйшы месяц клуб выправіцца і здабудзе каштоўныя пункты - трэба заставацца ў 1-й лізе.
На дэсерт пасьляматчавая гісторыя. Пасьля гульні падыйшлі да дырэктара клуба павітацца, на стадыёне на той момант ужо не засталося ніводнага з "пагонаў". Нас заўважылі 4 мясцовых, але сталі на месцы і не атакавалі. Здараецца і такое!
Катайцеся на выправы, вывучайце родную Беларусь, любіце свой ФКО!