Падводзім вынікі сезону-2014

Nov 22, 2014 15:19


Каманда


"Орша" сёлета зрабіла нас шчасьлівымі. Праз 10 гадоў наш родны клуб вяртаецца ў 1-ю лігу чэмпіянату Беларусі (Д2)! Пастаўлена шмат рэкордаў. Безумоўна, улічваем, што ў розныя гады ў Д2 і Д3 гуляла розная колькасьць клубаў, а сёлета ўпершыню прымененая разумная і лагічная схема падзелу па зонах. І тым не менш, рэкорды.

Ніколі да гэтага сезону "Орша" не атрымоўвала адразу 20 перамог (30 матчаў, 66,7% гульняў сконьчыліся перамогай аршанцаў)! Ранейшае дасягненьне нашага клуба раўнялася 17 выйгрышам у сезоне-2004, праўда, адсотак пераможных матчаў тады быў вышэй (Д3, 24 матчы, 70,8%).

За цэлы чэмпіянат "Орша" прайграла толькі 1 матч (3,3% ад агульнай колькасьці матчаў)! "Орша" не прайгравала ў адным чэмпіянаце 25 матчаў запар! На жаль, устаяў рэкорд 2-й лігі, усталяваны яшчэ ў 1996 годзе барысаўскім БАТЭ. Тады барысаўчане не саступалі нікому ў 27 матчах запар. Аднаго матчу аршанцам не хапіла да дасягнення менскага "Тарпеда"-СКА (у цяперашні час каманда называецца проста "Тарпеда") ў 2005 годзе. Калі ж браць толькі дасягненьні "Оршы", то 25 матчаў аднаго чэмпіянату без паразаў - клубны рэкорд! Ранейшы рэкорд "сіня-белых" у 2-й лізе быў усталяваны ў 2004 годзе, калі наш родны клуб не прайграваў 10 гульняў запар. У 1995 наш клуб, які тады называўся "Максім-Орша", не саступаў у 7 матчах запар.

Так мала "Орша" саступала толькі ў далёкім 1995-м у Д3, тады была 1 параза, аднак і матчаў усяго 12.

Сезон-2014 стаў 2-м па выніковасьці - 59 забітых мячоў (1,97 голу за матч). Больш "Орша" забіла толькі ў 2004 - 67 (2,79 голу за матч). Як бачым, сярэдняя выніковасьць адзінаццаць гадоў таму была значна вышэйшай за сёлетнюю.

Наш клуб прапусьціў рэкордна нізкую колькасьць галоў за чэмпіянат - 18 у 30 матчах (0,60 прапушчанага голу за гульню), калі не лічыць сезон-1995, у якім было ўсяго 12 паядынкаў (10 прапушчаных, 0,83 прапушчанага голу за матч).

Ну і, вядома ж, рэкордная колькасьць пунктаў за чэмпіянат - 69 (2,30 пункты за матч)! Папярэдняе дасягненьне было ў 2004-м годзе, калі "Орша" таксама выйшла ў 1-ю лігу (Д2). Тады клуб набраў 53 пункты (2,21 пункты за матч). Тут нават сярэдні набор лепш, чым у 2004-м!

Сектар


Гэты сезон стаў для нас 5-м поўным. Аднак не лепшым у гісторыі. Не прабітымі засталіся Асіповічы, Жлобін і Калінкавічы, першыя два гарады для нас асабліва прынцыповыя, таму недаезд туды - ганьба для кожнага з нас. Раней быў час, калі нас атакавалі ў чужых гарадах нашы апаненты, цяпер ужо і сэнсу няма - ніхто адэкватны не стане атакаваць 2-3 фэнаў "Оршы", якія едуць у чужы горад на матч. Тым не менш, нават выправы ў малой колькасьці - самае галоўнае ў фанатызме, значыць рух жывы. Ганяйце за ФКО!

На хатніх матчах у гэтым сезоне было нямала праблем з "пагонамі". Ну не разумеюць яны, што фанаты існуюць дзеля таго, каб падтрымліваць свой клуб і праслаўляць яго паўсюль. Таму сектар за гэты сезон крыху скараціўся, некаторыя хлопцы сталі хадзіць на іньшыя сектары. Сярэдняя наведваемасьць: 30-50 чалавек. У гэтым сезоне было ўсё: і спакойныя матчы, дзе ніхто сектар не чапаў, і тупыя забароны скакаць на бетонных! прыступках, і затрыманьні людзей за звычайныя зарады на трыбуне, і забароненыя да праносу касавыя стужкі і расьцягі, у якіх часта не было ніякіх абразаў, а выключна падтрымка роднага ФКО. У горадзе за год павысілася злачыннасьць, а бандытамі выстаўляюць не сапраўдных крымінальнікаў, а звычайных фанатаў.

Але, нягледзячы на розныя праблемы, верым, што ў наступным сезоне аршанцы з задавальненьнем будуць хадзіць на матчы нашага клуба. А клубу - посьпехаў! Хочацца, каб "Орша" замацавалася ў 1-й лізе!

І памятайце: у нашага клуба вялікія традыцыі, якія варта шанаваць!


наш сектар, Старт (Орша), a.c.a.b., 2 ліга, ФК Орша, выезды, against modern football, 1 ліга, ультрас

Previous post Next post
Up