Aug 31, 2011 14:19
Выезд у Ліду быў апошнім гасьцявым матчам гэтага лета. Горад сапраўды ўразіў - Лідзкі замак, цэрквы, многае іншае,на што варта паглядзець. У горадзе зусім нядаўна прайшлі "Дажынкі", прызнаемся шчыра, не дужа добра ведаем, што там зьнішчылі з гістарычнай спадчыны, затое на саміх "Дажынках" прысутнічалі парадаксальныя цацачныя зьверы, якія ігралі на гітарах і бухалі:)) Нават хакеіста зрабілі з кветак) Затое ў цэнтры горада бясплатная прыбіральня, у Оршы наадварот, пад "Дажынкі" зьнішчылі бясплатную і пасярод аўтастаянкі пабудавалі платную.
Пабачыўшы аўтобус №5 з канцавым пунктам "Патсдам" спачатку падумалася, што гэта міжгародні рэйс) Аказалася, назва раёна. Беларускіх назваў больш, чым у нас, на Ўсходзе. Гатэль "Грунвальд", рэстарацыя "Гедымін", бульвар імя вялікага князя. Прыгожых дзяўчын на душу насельніцтва, у Лідзе, напэўна, больш за іншыя гарады краіны!
Наколькі можна зразумець, кіраўніцтва гораду больш заклапочана новаствораным хакейным клубам, а не футболам у горадзе. Для даволі прыгожага горада стадыён зусім не яскравы. Затое шмат фанатаў,якія з нейкіх прычын знаходзяцца на супрацьлеглых сектарах.
Хлопцаў з "Аршыца ультрас" на выезьдзе толькі двое. Без банэраў, без шызы. Ужо надакучыла гаварыць пра фінансавыя праблемы нашай каманды, бо ёсьць і іншыя, у першую чаргу сама гульня. А "Ліда" мела поўную перавагу над намі і ўжо перад перапынкам вяла 5:0. Было зразумела, што нават адзін гол для "Оршы" будзе неблагім вынікам. У другой палове нашых працягвалі дабіваць, як вынік - 8:1 на карысьць гаспадароў.
Наш склад: Прохараў, Захараў, Піваровіч, Данілкоў, Алейнікаў, Базыленка, Дзянісаў, Боханаў, Каласоўскі, Кітаёў, Шаткоўскі, |Запасныя: Арцёменка, Казарын.
У нас вызначыўся Дзянісаў на 87-й хвіліне. На той момант саступалі 0:7. "Ліда" прадказальна застаецца лідарам, мы пакуль 11-я. Шкада, бо ў першым коле мы дома згулялі з "Лідай" унічыю.
Аршыца ультрас,
2 ліга,
выезды,
ФК Орша,
Ліда,
матчы