Originally posted by
xbohx at
"І паміж радкоў чытаеш іхні лёс, / Вечны сумны лёс - паэтаў..." Рыгор Барадулін Генадзю Бураўкіну:
Мы, як апошнія ваўкі,
Пасляваеннікі-паэты.
Ужо настаўлены цвікі,
Каб шкуры нашыя з імпэтам
Распяць на прыцемнай сцяне,
Дзе рэбрацца старыя бёрны.
І ўрэшце сківіцы сцяне
Апошні адвячорак чорны.
Мы па інерцыі бяжым,
У свет яшчэ знаёмы выем,
Ды цені тоіць кожны выем
У змроку покуль што чужым.
Генадзь Бураўкін:
Народ мой,
дзякую табе,
Што і на міг мне не дазволіў,
Каб я кагосьці абязволіў,
Жыў у кагосьці на гарбе,
Што ў радаслоўную ўпісаў
He гандляроў і прайдзісветаў,
А плытагонаў, і паэтаў,
I штукароў ганчарных спраў.
Народ мой,
дзякую,
што ты
Велікадушна даў мне ў рукі
He алебарды і шчыты,
А лемяхі і першадрукі,
Што нашаптаць мне не забыў
He грукатню бравурных маршаў,
А задуменнасць песень нашых,
Дзе столькі болю і жальбы.
Народ мой,
дзякуй,
што нідзе
Мяне балюча не ўпікнулі
За твой далёкі век мінулы,
За сённяшні твой сіні дзень.
I аднаго хачу ў жыцці,
Каб ты не паглядзеў з дакорам,
Каб за мяне ніколі сорам
Табе душу не засмуціў.
і як сказаў адзін чалавек: "паўгады яшчэ наперадзе, а згубілі ўжо больш, чым зможам папоўніць..."