Інтэрв'ю з галоўным трэнерам ФК "Орша" Аляксандрам Ладзяным

Nov 13, 2013 14:40


Па заканьчэньні сезону фанаты "Оршы" ўзялі інтэрв'ю ў Аляксандра Ладзянога - галоўнага трэнера "сіня-белых".

Аляксандр Уладзіміравіч, вы задаволеныя праведзеным сезонам?
Будзем казаць, што сезон у цэлым правялі паспяхова. Але непрыемна, што многа пунктаў згубілі на апошніх хвілінах. Прычым што самае крыўднае - ў дададзены арбітрам час. Упершыню такім чынам мы страцілі балы ў Дзяржынску, калі згулялі ўнічыю з "Лівадыяй". Валодалі перавагай, суперніку ў тым матчы нічога не "свяціла", да таго ж мы не забілі пенальці - але на апошніх секундах прапусцілі аўтагол. З "Гомельчыгункатрансам" прапусцілі на 86-й хвіліне матчу, хаця па гульні нічым не саступалі лідэру. А ўзгадайце хатні матч з "Партызанам-МТЗ", калі мы ўпусцілі перамогу на 93-й хвіліне, на той жа хвіліне прапусцілі і ад "Баранавічаў". Нарэшце, гасцявая гульня з тым жа "Партызанам", таксама прапусцілі ў кампенсаваны час. Пяць паядынкаў, у якіх мы павінны былі ўзяць больш балаў, але ўдача адвярнулася ад нас на апошніх хвілінах. Плюс гульня ў Жлобіне, калі перавага ўвесь матч была за намі, мы нанеслі 20 удараў па варотах, а жлобінцы толькі 8, тым не менш мы не выйгралі. У цэлым скажу, што сезон правялі няблага, але маглі заняць 3-4 месца. Патэнцыял у каманды быў.

Значыць, 6-е месца можна было замяніць на больш высокую пазіцыю?
Так. Паводле рэгламенту, калі ты ўваходзіш у шасцёрку, то твая каманда можа падняцца ў 1-ю лігу ў выпадку, калі хтосьці з верху табліцы адмовіцца там гуляць. Мы сталі 6-мі, хаця маглі быць вышэй. Задача-мінімум выканана, але задача-максімум не ўдалася. Хаця паглядзіце на "Зорку-БДУ" - салідны менскі клуб, добры падбор футбалістаў, выгодныя зарплаты, прэміяльныя. Армейцы ставілі задачу выйсці ў першую лігу з першага месца, але сталі толькі 3-мі. Значыць, не так і проста гуляць у 2-й лізе...

Якая гульня "Оршы" ў чэмпіянаце стала самым вялікім расчараваннем?
Поўны аналіз сезону я яшчэ не правёў. Але адно скажу дакладна: па гульні мы прайгралі ў чэмпіянаце толькі адзін матч, у Менску з "Зоркай-БДУ". Ва ўсіх астатніх матчах, якія мы прайгралі, мы маглі набіраць балы. Нават з  "Гомельчыгункатрансам" гулялі на роўных. А па расчараваннях... Канечне, усе гульні, у якіх мы прапусцілі ў самым канцы, не могуць лічыцца ўдалымі. Больш за ўсё расчаравала гульня з "Партызанам-МТЗ" у сталіцы - "Орша" мела яўную перавагу, моманты, плюс арбітры не паставілі два чыстых пенальці ў вароты супернікаў і не залічылі наш чысты гол. А ў выніку на 90-й гаспадары перайшлі ў контратаку і забілі. Менавіта гэтая гульня прынесла найбуйнейшае расчараванне. Дагэтуль засталіся і пытанні да суддзяў той сустрэчы.

Які матч стаў лепшым у выкананні каманды за чэмпіянат?
У нас было некалькі класных матчаў, у якіх "Орша" сапраўды выступала моцна. Мы атрымалі некалькі разгромных перамог. 5 з 10 нашых перамог менавіта разгромныя, палова! Але калі ўлічваць яшчэ і суперніка, то самай яскравай перамогай года стала вікторыя ў Мастах над "Нёманам". Выйграць 3:0, у гасцях, у каманды, якая выйшла ў выніку ў першую лігу - гэта варта вялікай павагі! Не забывайце, што мы ехалі на матч праз усю Беларусь! Да таго ж у "Нёмана" не было ніякіх шанцаў на полі.



Каго вы лічыце лідэрамі калектыва па духу і па гульні?
Складана вылучыць кагосьці аднаго. У нас некалькі чалавек вядуць каманду за сабой на полі, таксама некалькі гульцоў можна назваць духоўнымі лідэрамі "Оршы". Па духу, напрыклад, Віталь Данілкоў - капітан каманды. Ён ветэран клуба, шмат сезонаў абараняе яго колеры. Таксама Юрый Піваровіч. Слава Цвірко і Саша Лужанкоў выдатна ўліліся ў каманду, яны прыйшлі ўлетку. На полі адным з лідэраў можна назваць Пашу Касінца, які вярнуўся ў каманду ў сярэдзіне чэмпіяната. Прыемна назіраць, што ў футбалістаў загарэліся вочы, яны самі крыху незадаволеныя тым, што сталі толькі 6-мі.

Футбалісты атрымалі прэміяльныя і зарплаты ў поўным аб'ёме?
Тое, што абяцаў выплаціць гарвыканкам - выплачана. За некаторыя матчы не заплацілі пакуль прэміяльныя, але ўсё будзе нармальна. Каманда яшчэ не скончыла трэніровак, думаю, да нашага адпачынку ўсё будзе пагашана.

Планы на наступны сезон вядомыя?
Падвядзення вынікаў сезону яшчэ не было, мы збярэмся ў гарвыканкаме, дамо справаздачу аб чэмпіянаце, абмяркуем нашы планы на будучыню. Тады і будуць пастаўленыя задачы на сезон-2014. Пакуль я думаю аднавіць трэніроўкі 1 лютага. Хацелася б яшчэ пару чалавек узяць у каманду для ўзмацнення складу, маладых рабятаў узяць на трэніроўкі з асновай.

З юнацкай каманды клуба?
Так, 1997 года нараджэння, гульцы якой гуляюць на ліцэнзаванні. Некаторыя з іх ужо трэніраваліся з асновай, але, вядома, юныя футбалісты будуць узятыя на перспектыву. Канечне ж, адразу ставіць іх у першую каманду ніхто не абяцае. Вось вы, фанаты, пішаце ў сябе: "Орша-2 прайграла разгромна, ганьба! Як жа так?" Але трэба па-іншаму зірнуць на сітуацыю - хто гуляе за "Оршу-2"? Гуляюць юныя футбалісты, якім 16-17 гадоў, а супраць іх у чэмпіянаце Віцебскай вобласці выступаюць дарослыя мужыкі, за тыя ж "Мёры" гуляюць футбалісты з досведам гульні ў вышэйшай лізе чэмпіянату краіны. Нашым юным аршанцам фізічна цяжка яшчэ! У камандзе толькі некалькі чалавек былі старэйшымі за гэты ўзрост: Дзіма Шыркевіч, Саша Боханаў і Дзіма Суздальцаў - яны "старыкі", хаця самім яшчэ 20-21 год. Тым больш на ліцэнзаванні нашы юнакі 97-га і 98-га гадоў нараджэння таксама не лідэры, і гэта заканамерна. Многіх аршанцаў забіраюць у БАТЭ, "Шахцёр", "Мінск" і многія іншыя клубы, туды збіраюць таленавітых хлапчукоў з усёй краіны. А "Орша" абыходзіцца сваімі сіламі, якія засталіся ў горадзе. Трэба глыбей капаць сітуацыю. Тым больш "Орша-2" захавала месца ў вышэйшым дывізіёне вобласці, а "Паставы", якія маюць акадэмію і якіх усе хваляць, ніяк туды прабіцца не могуць. А там гуляюць рабяты з усёй рэспублікі, якія на год-два старэйшыя за нашых! Так што не трэба паліваць гразёй "Оршу-2", яна выканала задачу на сезон, а тое, што дзесьці там прайгралі разгромна, то гэта ня страшна - мэта фарм-клуба рыхтаваць кадры для асновы. Вынік трэба патрабаваць толькі з першай каманды. Вось Арцём Герман дэбютаваў за аснову, ён якраз на вобласці пераважна гуляе, лепшы бамбардзір "Оршы-2". А яму яшчэ толькі 17 гадоў, разумееце? Дзіма Суздальцаў выйшаў у матчы з "Зоркай" і класна згуляў, праявіў сябе.

Значыць, Герман, Боханаў і Суздальцаў будуць разглядацца "пад аснову" ў наступным сезоне?
У нас задача захаваць касцяк каманды. Калі мы захаваем яго, падцягнем да асновы пару-тройку маладых на патрэбныя пазіцыі - зможам прэтэндаваць на выхад у тройку. Да новага сезону яшчэ шмат часу.

Аляксандр Уладзіміравіч, фанаты ўдзячныя камандзе за пазітыўныя эмоцыі, якія родная "Орша" падаравала ўсяму сектару. У канцы сезона клуб паставіў пераможную кропку...
Так, выйгралі ў клуба, які бачыў сябе толькі на першым месцы. Ведаеце анекдот пра ідэальную каманду? Ідэальныя футбалісты - тыя, хто выйграюць першы і апошні матчы сезону. Першы для таго, каб атрымаць выгодны кантракт, апошні для таго, каб пакінулі ў камандзе на новы сезон. Такую задачу мы якраз выканалі (усміхаецца).

рэгламент, трэнер, Мёры, В.Данілкоў, чэмпіянат вобласьці, ФК Орша (юн.), Нёман (Масты), ФК Баранавічы, ФК Орша, футбалісты ФКО, Ю.Піваровіч, гісторыя ФКО, футбол, 2 ліга, Зорка-БДУ (Менск), Беларусь, Баранавічы, артыкулы, ФК Орша-ІІ, Орша, суддзі, А.Ладзяной

Previous post Next post
Up