Часцяком сама сабе задаю пытанне: што для мяне адпачынак??
Найперш, гэта змена акружэння.
Па-другое, настрой на адпачынак - для мяне ён магчымы пасля пэўнага рытму жыцця, нейкіх падзей, якія патрабуюць перадыху і асмыслення.
Па-трэцяе, гэта пазнанне новага, абавязкова. Іначай гэта не мае сэнсу. Бывае, канечне, што хочацца паваляцца ці адляжацца, але гэта не адпачынак у маім разуменні - гэта "хвароба".
Такім чынам, для майго адпачынку не абавязкова ехаць вельмі далёка, галоўныя 3 складальнікі ёсць)
Да з'яўлення Данілы на свет пытанне адпачынку вырашалася вельмі лёгка - у заплечнік пакласці спальнік і карымат, далучыцца да якой добрай кампаніі сяброў і ехаць. А там абавязкова будзе чым заняцца, не без прыгод. Такім чынам я ездзіла у Карпаты (самы танны студэнцкі адпачынак), на Урал, самы далёкі ( яркія і незабывальныя прыгоды, але пра гэта можна толькі расказаць - словамі эмоцыі не передаць), у Карэліі была неаднаразова, і гэта на лыжых, пешшу ці на байдарках. Часам былі і ровары - Літва, Расія і, канечне, прасторы роднай Беларусі. Гэтыя падарожжы былі самымі лепшымі універсітэтамі падчас вучобы, гэта было знаёмства з новымі сябрамі, без якіх вельмі цяжка ўявіць мяне сённяшнюю, гэта было пазнанне не праз лекцыі, а праз жыццё, праз рэальныя сітуацыі, праз выпрабаванні, праз пачуцці - пазнанне мяне самой. Вось так сціпла кажу))
Карацей, калі з'явіўся Даніла, то мяняць асабліва нічога не хацелася. Немагчыма перакрэсліць палову жыця і пасля нараджэння малога "жыць па-новаму" - ездзіць на модныя загранічныя курорты, спа-салоны, ці яшчэ якая лухта... Карацей, стала пытанне, як адаптаваць свой стыль жыцця пад падарожжы з дзіцёнкам.
Развязаў рукі слінг, але пра гэтую з'яву шмат пісаць не буду - пачытайце мой дзённік. А далей проста паняслося: выезды ў лес, проста на дзень ці з начоўкай, Даніла трошкі падрос і перасадзілі яго ў дзіцячае велакрэсла - так у яго год аб'ехалі на веліках Браслаўшчыну, купаліся ў азёрах, глядзелі касцёлы, збіралі грыбы і ездзілі па бездарожжы. Да гэтага (малы не ўмеў нават хадзіць) ездзілі на мульцігонку Палесціна, і хоць паўдзельнічаць не здолелі, але пакаталіся па акрузе і гатавалі на вогнішчы.
Наступны сезон быў больш актыўны - пра гэта трошкі пісала тут. Вясной аграсядзіба Тры Скрыпкі на Нарачы і Блакітныя азёры на роварах, возера Мядзел. Пасля марафон Налібокі - паехала без Данілы, але ён з бацькамі сустракаў мяне на КП Кровань у Налібоцкай пушчы.
Пасля лета ў Карпатах і нязлічаных пакатушках на ровары стала зразумела, што гэта падабаецца не толькі бацькам, але і самому Даніле. Што заўважала я: няма капрызаў залішніх, усё у межах дазволенага, але пры гэтым свабодна адчуваюць сябе ўсе ўдзельнікік працэсу, калі можна так сказаць. Для бацькоў тэмп павольны, без ніякага асаблівага экстрыму, пры гэтым сыну хапае сіл вытрымліваць яго. І жыццё ў нас сінхранізіруецца - спім і ядзім адначасова. Таму што і ўсё астатняе робім таксама разам. І ўжо не хочацца пасядзець апасля ў інеце, і днём так цудоўна спаць дарослым)) А яшчэ рэзкі скачок у развіцці сына, у авалодвані новымі навыкамі, у пазнанні таго што вакол. І тут я прытрымліваюся прынцыпу ўключэння дзяцей у жыццё. На мой поглад, гэта працуе вельмі цудоўна. Гэта лагічна і арганічна, а не штучна.
Карацей, бачу толькі плюсы. Мінусы, мажліва, таксама ёсць, але са сваёй схільнасцю да аптымізму я іх проста не заўважаю. ))
І вось дабралася я да нашых Калядных прыгодаў. Вярнуліся ўчора, таму пакуль не сцерлася хачу напісаць.
Адпачывалі мы ў аграсядзібе
Тры Скрыпкі. Ужо ў другі раз. І гэты не быў падобны на папярэдні. Але па-ранейшаму ўтульна, свабодна, актыўна і непрадказальна. Мае ўражанні можна апісаць як вяртанне да вытокаў. Усе 4 дні адчувала сябе. На першай лыжнай горцы змылася ўся гародскасць (ці як гэта правільна назваць?) і на першы план выйшла "я сапраўдная"(са мной такое звычайна стаецца ў паходзе - там я сапраўды жыву, заўважыла ўжо даўно, але так і сталася загадкай, як перанесці на сваю паўсядзённасць). Лёгкасць і рашучасць, жаданне рухацца, пазнаваць, ЖЫЦЬ. Гэты ўнутры.
А звонку - лыжы, самыя шалёныя горкі ў акрузе. Пасля жосткая лазня з выкідамі на снег, гарбата каля коміну, прышыбленае на гары калена, бліны з печы, пасля сон, такі глыбокі, калі сапраўды адпачываеш, потым зноў лыжы, на гэты раз Блакітныя азёры, дзіцёнак з намі ў заплечніку мужа. Сядзіць як папугай на плячы і ўсё каментуе: едем быстра-быстра, Юля упауа (л" не выгаворвае яшчэ, атрымліваецца нешта падобнае да польскага L крэскаванага), яна баіцца, горка, папа упау, а даніла не упау і г.д.
Увечары ляпілі крэпасць са снегу, але пагуляць не паспелі - пайшоў дождж. Зранку вандроўка па возеры Мядзель на востраў Замак - гарадзішча Мядзеля як пасялення - на лыжах па калена у вадзе - так я яшчэ ні разу не каталася. Але выбару не было - чакаць паляпшэня надвор'я - не наш метад. У выніку атрымалася вельмі экзатычна.
І ўчесь час дома нас чакала гаспадыня, якая гатавала вясковую ежу ў печы, выслухвала нашыя гісторыі і здзіўлялася як гэтае ўсё перажыў Даніла. А ў Данілы было 2 станы - салодка спаць ці расказваць энергічна дзе быў і што бачыў. Карацей, пасля фінальнай лазні змаглі троху перавесці дух і паляжаць на ложку. І ехаць дамоў.
Трэ трохі сказаць яшчэ пра гаспадароў, якія вельмі ўразілі яшчэ вясной. Гэта прадстаўнікі вясковай інтэлегенцыі, шчырыя бескарысныя людзі, добрыя, чуллівыя, такія сапраўдныя Беларусы. І гэтым духам пранізана нават паветра. Хочацца гаварыць па-беларуску, ганарыцца сваім мінулым, спрачацца, але так па-сапраўднаму, без залішняй фанабэрлівасці і лозунгаў, проста шчыра і ад душы. І за гэта ім вялікі дзякуй. Дзякуй за жыццёвую мудрасць.
А мы ўжо зноў вастрым лыжы на сядзібу, хутчэй нават байдаркі, бо летам Антось абяцаў паказаць прыгажосць Нарачанскага рэгіёну з вады.)
Неяк так атрымалася, чаго і вам жадаю!
А як адпачываеце Вы? А вашыя дзеці??