Мой сябра і паплечнік вербалізаваў нарэшце тое, аб чым я доўга думаў і ня мог ператварыць у словы. Добра, што такія думкі прыходзяць у розныя галовы.
Оригинал взят у
zmicervuz в
АдказНекалькі дзён таму сустрэўся са сваім сябрам, з якім не бачыўся амаль што год. неяк увогуле так здарылася, што ўвогуле кантактуем раз ці два разы на год (так на працягу амаль што 10 год), але ж зараз не пра гэта. Заўсёды пры сустрэчы размаўляем на разнастайныя тэмы, заўсёды амаль што горача, але ж з усмешкай спрачаемся.
На наступную ноч вяртаўся дамоў, вяртаўся праз гомельскае гарадзішча каля былой рачулкі Струпіцы (так здарылася, што з некаторых нагод даволі часта там бываю), ну і задумаўся. Адная з тэм, на якую мы спрачаліся - гэта датычнасць паганства ў сучасных рэаліях. Мой сябра спрабаваў тлумачыць мне, што рэлігія (любая) на сёння - гэта старая прылада. На той момант я спрабаваў прывесці доказы яму, што гэта ня так, але ж... у той вечар, падчас вяртання ў цішы і цемры, зразумеў: дзесьці ён мае рацыю. Зараз патлумачу.
Сёння, у век інфармацыйнага выбуху, сур'ёзных ды глубокіх навуковых даследванняў (ды наяўнасці наглядных доказаў), рэлігійная мадэль Сусьвету здае пазіцыі. Сёння гучыць вельмі глупа фразы кшталту "зямля плоская, сусьвет стварылі багі/бог", і г.д. І менавіта рэлігія была неабходна ў той момант, калі людзі ня ведалі гэтага, яна была глытком вады падчас інфармацыйнай смагі, калі людзі прагнулі ведаў аб навакольным свеце, але ж, нібыта тыя немаўляты, не бачылі далей сваіх рук. Але ж, кожнае дзіця сталее, і, тыя моманты, якія нельга было патлумачыць у тым узросце, зараз могуць быць зразумелыя; людзі, ужо юнакі, з іх юнацкім максімалізмам, спрабуюць нешта дакапацца, прагнуць нават рэвалюцыі. Гэта прага - гэта ёсць тая кропка паміж дзяцінствам і юнацтвам, гэта знак "мы гатовыя да зменаў!".
І вось, геаграфічныя, навуковыя даследванні. Юнак сталее, ён прагне ведаў, ён прагне сталасці, і, нарэшце, становіцца "дарослым". Вы ў дзяцінстве не заўважалі, што большая частка дарослых - р'яныя матэрыялісты. Я падкрэсліваю "у дзяцінстве", бо сёння, гледзячы на сябе ці некаторых сяброў, вы можаце й не заўважаць гэта з нагоды таго, што самі часткова заразіліся матэрыялізмам (і гэта ня ёсць дрэнна, але ж, у параўнанні з дзіця, гэта так, амаль кожны з нас - жудасны матэрыяліст!). Дык вось, гэта першая праблема, ад якой рэлігійнасць амаль знікае ў актуальным жыцці. Другое, больш небяспечнае - "дарослыя", з-за сваёй фанабэрыстасці, забываюцца на тое, што яны - ня больш за вялікіх дзяцей. Але ж, менавіта з-за гэтай пагарды, "дарослыя" гэтага не прызнаюць. пакуль не стануць сапраўднымі дарослымі. І гэта разуменне - гэта й ёсць той штуршок ад "дарослага" да дарослага. Так, на слых гучыць вельмі жудасна, але ж зараз мы не пра гэта)
Дык вось. З аднаго боку - навука, якая адмаўляе рэлігію. З іншага - рэлігія, якая не сыходзіцца з навукай. Але ж адное без іншага - гэта рэгресія, страта чалавецкасці, маралі, нават небяспечна (прыклады ў гісторыі ўжо ёсць). І тут реўзабаве разумееш, што можна, прытрымліваясь тэорыі Вялікага Выбугу верыць у тое, што Бог стварыў акіян, а Чорт стварыў зямлю ў выглядзе качкі. Будучы адукаваным, можна ісці ў Купальскую ноч і шукаць папараць кветку. Будучы заолагам, можна гукаць вужа-дамавіка свістам да талеркі з малаком. І насамрэч гэта вельмі проста! Бачыць адначасова метэор і змея, ці наўца, бачыць з'яднанне неарганічных частак ці Святы камень, бачыць старое дрэва ці шлях да Багоў...
Тут рэлігія ператвараецца ўжо ў светацям, светаадчуванне, светаўспрыманне. І, захоўваючы маральную частку (якой так бракуе сучаснаму грамадству), не абмяжоўвае шляхі да самаразвіцця.
Сённяшняе паганства (не даўбаславіе) - таксама больш філасофская сістэма, сістэма поглядаў ды ўспрымання свету. У Беларусі большая частка паганцаў - гэта даследчыкі, навукоўцы, ды проста неабыякавыя да культуры і гісторыі свайго краю. Людзі, якія ведаюць кошт сапраўдным ведам.
Сучасны паганец - гэта ня той, хто зігуе з крыкам "гой", ды "вывучае" псеўданавуковыя творы ці нават яўныя падробкі, а той, хто прагне гарманічнага жыцця (не існавання, жыцця) з навакольным светам, з прыродай. Той, хто паважае сваіх бацькоў ды продкаў. Той, хто не хаваецца на канапе за пультам ад зомбаскрыні, каб заказаць шчэ адну бязглуздую рэч, но стварае ўласнымі рукамі. Бо нашы продкі - Багі, і іх стваральная сутнасць - у нас, і менавіта ствараючы, мы становімся бліжэй да сакрума. Мабыць, гэта й старая прылада, але ж, як дарэчы яна сёння была б! Гонар, Годнасць, Павага да старэйшых, Цнатлівасць, Працавітасць, Мужнасць мужчын ды Жаноцкасць жанчын - гэта сапраўднае паганства, тое, чаго не хапае сучаснаму грамадству.
Сучаснае паганства - гэта не вяртанне ў архаіку, гэта - актуалізацыя старажытных, правераных часам ды пакаленнямі, нормаў маралі.