Напішу, пакуль не забылася.
На днях пабачыла карысны артыкул з дакументальнымі фільмамі пра вядомых рэжысёраў.
Вось ён.І ўчора азнаёміласяь з фільмам пра Міядзакі, які называецца The Kingdom of Dreams and Madness 2013 года.
Я ўжо шмат гадоў з'яўляюся прыхільніцай творчасці студыі Дзіблі (ну ці Гіблі), і не магла прайсці побач. Нейкі час я жартоўна казала, што "хачу там працаваць", але насамрэч канешне не хачу. Лепш ужо ў Піксар. Я ў курсе, што Міядзакі той яшчэ злобны тыран. Дык вось.. Фільм не мае нейкага там акрэсленага сюжэта, гэта як тыпу рэпартажныя здымкі, дзе аператар здымае ўсё запар, а дзяўчынка задае пытанні. І падзеі ў стужцы якраз прыходзяцца на працэс стварэння двух фільмаў -- апошняга Міядзакаўскага Вецер і апошняга ж ад Такахаты Прынцэса Кагуя. На жаль з таго часу, наколькі я ведаю, як студыя яны перасталі здымаць самастойныя паўнаметражныя фільмы. Што там далей -- я не ў курсе.
Мне было дууужа цікава паглядзець на тое, як яны арганізоўваюць сваю працу. Па-першае іхняя студыя проста афігенная, яна ўся ў зарасцях, з садзікам на даху і вялікімі вокнамі. Па-другое я была здзіўлена, колькі ўсяго працаўнікі робяць рукамі. Вось сапраўды яны кадры малююць на лісціках, прымацаваных да гэтых шціфтоў ці як іх там. Я нешта наіўна думала, што цяпер усё адразу на планшэтах. Ці мо проста яны такія прыхільнікі старой школы... Сам Міядзакі сапраўды такі, што ў кішэню за словам не лезе. І яго каменты і заўвагі вельмі калючыя бываюць, большасць па праўдзе. Супрацоўніца адна расказвала, што лепш там не высоўвацца і ціха сярэдне рабіць працу. А як толькі ты пакажаш нейкія звышздольнасці -- ён адразу пачынае навальваць працай і выціскаць усе сокі. Карацей людзей сыйшло нямала, і сярод іх былі сапраўды таленавітыя. Ну бо аўтарытарны рэжым, усё ад званка да званка. І з зарадкамі па гадзінах!)) І як гэткае стаўленне спалучаецца з лозунгамі на сцяне, я не ведаю.
А напісана там нешта тыпу таго:
Вам лепш звольніцца, калі вы
1) не маеце ідэй (а я як адчуваю ён усе ідэі рубіць на пачатку)
2) працуеце толькі калі вам скажуць
3) часта хварэеце ці бярэце адпачынак
ну і г.д..
Яшчэ здзівіла, як яны ўсе падкавырвалі Такахату, бо ён завальваў тэрміны са сваёй Кагуяй. Вось усе ўвесь час "жартавалі", што рэжысёр не хоча заканчваць фільм і ніколі яго не завершыць. А як мы ведаем, у спадара Ісао выйшаў сапраўдны шэдэўр. Яны, гэтыя два мэтра, як проста нейкія супрацьлегласці. Дакладны, педантычны, хуткі і жорсткі Міядзакі і расхлябана-творчы, хаатычны Такахата. Дурдом рамонка!) І Горо нешта было шкада, калі ён там прамым тэкстам кажа, што калі б не студыя (чытай бацька), ён бы гэтым не займаўся. І сам Міядзакі так "ой, я ведаю, што пасля мяне ўсё разваліцца". Для мяне нечакана, што яны ўвогуле такое паказалі на камеру. І над гэтым я думаю больш за ўсё. Для мяне было б лагічна ўсе цёркі і сумненні якраз прыхаваць. Ці можа гэта ў іх менталітэт такі, і той жа Горо прыніжае свае дасягненні, бо яны ўсе так робяць? Там здаецца прынята хваліць, а ты так "ой не, я ж ніхто".
Хаця рэжысёр і павіннен быць жорсткім і злым, інакш ніхто працаваць не будзе. Ці мо і будзе, але не атрымаецца так, як бачыць кіраўнік.
Уражанняў шмат карацей. Цікава і тое, як яны адказвалі на прэсканферэнцыях. І ўвогуле на Японію паглядзець, вулачкі такія ну проста як з яго мультоў. І кот, там на студыі жыве кот, каторы ну твар у твар як Мууута з Падзякі ката! І, як я зразумела, у іх там дзіцячы садок свой студыйны. І пра выбары забаўна, як там кандыдат у вагончыку ездзіў па вуліцах. І выказванні мэтра наконт іхняй трагедыі з атамнай электрастанцыяй. А дом у Міядзакі аграменны і нейкі стэрыльны, толькі казляняты парадвалі.
Вось неяк так. Хоць мне і не спадабаўся яго апошні мульт пра самалёты. Ну, не маё, не праніклася. У Ветры мне таксама адчулася нейкая стэрыльнасць, як і ў яго хаце. А вось Кагуя огого як уразіла.