Тутака і тамака )

Jul 13, 2015 13:53

А Дома добра :)
У першы дзень круціўся ў галаве гучны і банальны загаловак для артыкула "Вы сталі сапраўдным егіпцянінам, калі" -- якраз у стылі некаторых часопісаў)

Але я перафразую... Вы занадта доўга жылі ў Каіры, калі:

1) Вы маніякальна правяраеце ўсе стокі ў ванне і рукамыйніках на прадмет закрытасці і напружана ўглядаецеся ў іх так жа, як Гойя ў прорву. І парываецеся хутка ўсю ежу схаваць у лядоўню, смецце -- ў маразільнік, і пазачыняць усе вокны і балконы.  І Вам паўсюль краем вока мрояцца велізарныя прусакі з крыламі, гіганскія мурашы і іншы жах)

2) Вам увесь час хочацца набыць шмат вялікіх бутэлек вады, і ад набірання вадкасці з крана крыху круціць. І вы дзесяць разоў перапытаеце, ці можна яе піць, хаця да гэтага ўсё жыццё тут жылі)

3) У вас апынуліся ў валізе толькі летнія рэчы, і 20 градусаў успрымаецца як "брр холадна") Але Вы страшэнна кайфуеце ад таго, што светавы дзень завяршаецца ажно ў 9 вечара)

4) Вы ўвесь час парываецеся ў крамах сказаць "Шукран", і міжволі жартуеце на нейкае ўдалае вынаходніцтва мужчыны "О, ды вы башмугандзіс", ад чаго на Вас глядзяць з адкрытым непаразуменнем) І ў вашай мове вылазяць устойлівыя ангельскія спалучэнні тыпу смокед туркей і мінімум чарч... Бо як гэта сказаць па-нашаму -- гэта ж ўжо трэба думаць...

5) Вы можаце бясконца ехаць у машыне па Беларусі і дзівіцца на такую вялікую колькасць зеляніны і на аблокі) Ооо, і вам не надакучыць)

6) Вы заходзіце ў прыбіральню ў гандлёвых цэнтрах і не можаце зразумець, чаму ніхто не дае вам у рукі сурвэткі пасля таго, як вы іх памылі. І абураецеся таму, што ў біапрыбіральнях няма ўнітаза, рукамыйніка, паперы і люстэрка!)

7) Вы гуляеце па гандлёвых цэнтрах і маркетах і не можаце зразумець, чаму вакол так мала дзяцей і так ціха) І ўвогуле ў горадзе ўначы пануе нязвыклая цішыня.

8) У самалёце вы з большай сімпатыяй паглядаеце на жанчын у хіджабах, чым на  густанафарбаваных бландынак на абцасах, у кароткіх шортах і з сабачкамі ў руках.

9) Вы доўга не можаце звыкнуць да таго, што да вас у Менску звяртаюцца па-расейску, а ў Вільні -- па-літоўску. І марна ўглядаецеся ў кошты і подпісы ў Літве, спрабуючы знайсці там ангельскі дубляж.

10) Навіну пра выбухі ў Каіры вы ўспрымаеце спакойна і шчыра не разумееце, чаму павінны баяцца там жыць.

Вядома гэты допіс цалкам суб'ектыўны і на добрую палову жартаўлівы)

P.S. А яшчэ я ў шоку ад моды насіць на ўсіх фалангах абедзьвух рук пярсцёнкі %) Такія справы)

Беларусь, Менск, Егіпет

Previous post Next post
Up