Прынцэса Кагуя

Dec 23, 2014 00:02

Гм даўно нічога тут не хваліла, але вось не магу ўстрымацца. Паглядзела толькі што прынцэсу Кагую, і я ў поўным захапленні! Мабыць пра фільмы, ад якіх я НЕ ў захапленні, тут і не ўзгадваецца...)



Нічога не хачу паганага сказаць пра дзядзьку Міядзакі, але тут Такахата са сваёй працай нашмат мне мілей і бліжэй апынуўся. Я гэты мульт чакала, пачуўшы пра сюжэт толькі, бо ў дзяцінстве ў мяне была кніга японскіх казак, і гэтая гісторыя ў свой час мяне ўразіла.


1. Першым пунктам, бо заўжды звяртаю на гэта ўвагу) Само выкананне -- на вышыні. Некалькі гадоў таму выходзіў фр. мульт "Эрнэст і Селесціна", яны па тэхніцы досыць падобныя, што забаўна. Акварэльныя заліўкі, шмат белага пустога месца, пастэльныя колеры. І жывы алоўкавы контур. Зараз, хе, так не робяць, усім падавай 3д) Вось да прыкладу пейзажы адтуль:



Там ёсць момант, калі гераіня псіханула:) І тады малюнак становіцца зусім свабодным і нярвовым. Цудоўны мастацкі прыём)



Знайшла ў Вікі вось такую карціну 1600 года, як там пішуць, якраз ілюстрацыя да казкі. Па адчуванню і пластыцы нагадвае сам фільм:



2. Сам сюжэт вельмі блізкі да арыгіналу. Хаця я чытала некалькі варыяцый гэтай гісторыі. Экранізацыя прыгожых легенд і казак -- гэта добрая і правільна справа, што тут яшчэ скажаш) Не верыцца, што Такахата 14 гадоў нічога не здымаў, аніводнага лішняга эпізода. Аповед вядзецца размерана і медытатыўна, але не правісаеш і не губляеш увагу, і чым бліжэй да канца, тым больш нарастаюць эмоцыі.
Яшчэ адна ілюстрацыя да казкі з Вікі. Я ў дзяцінстве сабе гэта так і ўяўляла!) І ў фільме зрабілі падобна. І музыка была правільная, капец!)))



3. Цікава было паглядзець на старажытны (не ведаю, якога, праўда, часу) побыт японцаў, як бедных, так і заможных. У фільме паказаныя некаторыя заняткі па дому, на што жылі сяляне, чым зараблялі.



А таксама паказаныя правілы, каторым павінны падпарадкоўвацца знатныя дамы, і якія ў іх былі каноны прыгажосці. Ну, пра чорныя зубы я недзе чытала ўжо і раней). Ці прытрымліваліся яны ўважліва ўсяго гэтага? Уражанне пазітыўнае, і глядзіцца пераканаўча. Наконт паводзінаў -- не ведаю.



4. Маё ўласнае думкі... Я пабачыла тут для сябе шмат важнага і цікавага. І тое, як бацькі часта, намагаючыся зрабіць сваім дзецям лепш, ламаюць іх жыццё. І як яны ў той жа час, прыкрываючыся гэтым "усё для дзяцей", раэлізуюць хутчэй свае мары, а не іх. І тое, наколькі важна прытрымлівацца свайго шляху і не аглядацца на іншых, бо жыццё адно, і другі шанец можа і не здарыцца. І абавязкова не займацца самападманам.



І тое, як у старажытнасці (ды і зараз бывае) да жанчыны ставіліся як да рэчы, нейкага гм прыза ці прадмета гандлю. Мульт здымалі сучасныя людзі, і вось мне цікава, гэта казка такая ад пачатку, ці рэжысёр так яўна паказаў сваю ўласную інтэрпрэтацыя? Ці магла тагачасная дзяўчына пратэставаць супраць гэтай сістэмы ў прынцыпе? Магла, таму што вырасла свабодна сярод палёў і лясоў ці таму, што была з іншага свету і ў нейкім сэнсе ўжо складзенай асобай?


Яшчэ ўдала прапісаныя вобразы, я яе бацьку як жывога сабе ўявіла. Такі сабе тупаваты, хоць і добры, сялюк, каторы думае, што сапраўднае шчасце ў жыцці ў сталіцы, намазвае сабе твар белым, апранае каўпак і ўжо ведаць не ведае сваіх былых суседзяў, цяпер яны яму ня роўня!) І простая маці, каторая ўціхую сядзіць у закутку аграменнага багатага дома і робіць гаспадарчыя справы, бо яна так прывыкла. І што на сябе ні апрані, у якую пазалоту не завярніся, ты застанешся сабой у любым выпадку. І гэтыя жанішкі-хлусы, ой-вэй, некаторыя рэчы не мяняюцца...)
Гм, можа яшчэ чаго потым надумаю, калі перагляджу)

Вельмі прыгожы, тонкі і пранізлівы мультфільм, раю абавязкова!) І абавязкова ў добрай якасці. Расейскія сабы вось зусім нядаўна з'явіліся ў нэце.



P.S. Я чытала даўным-даўно нейкую інфармацыю пра яго, дзе пісалі прыкладна так: нейкі мецэнат даў Такахаце грошай і сказаў здымаць. Бо фільмы Такахаты не акупаюцца, але чалавек быў яго фанатам. І гэта адзін з апошніх выпушчаны студыяй. Здаецца яшчэ Марні ў іх будзе.. Усё на свеце вырашаюць грошы(

Кадры з гэтага сайта: http://fantastic-art.ru/ і з Вікі. І кінапошука, але гэта і так бачна)

КіНО, мульты, рэцэнзіі

Previous post Next post
Up