(no subject)

Aug 05, 2014 15:09

Паглядзела нарэшце адзін серыял. Краіна -- Швецыя. 6 серый у першым сезоне. Расейская назва -- Преступленіе страсті.



Магу параіць яго тым, хто любіць скажам "Чыста ангельскае забойства". Ці Агату Крысці. Дзеянне разгортваецца ў 50-ыя гады, і ўсё адбываецца ну веееельмі павольна. Але і стыльна ў той жа час. Касцюмы, атмасфера тагачаснай Швецыі, любоўны трыкутнік, каторы звязвае ўвесь сезон. І ўсе смаляць як дурныя)))

У серыяле неаднаразова, але ненавязліва ўсплывае тэма правоў і абавязкаў тагачасных жанчын, што прымусіла мяне задумацца аб тым, наколькі нядаўна мы атрымалі свабоду больш-менш вырашаць свой лёс. ) Прыводзяцца шматлікія прыклады таго, што хоць жанчына і магла атрымоўваць адукацыю, але калі ўжо яна вырашалася на шлюб, то пра кар'еру даводзілася забыць -- у значна большай меры, чым зараз. Ці яшчэ вось там ўзгадваюцца дамы, каторыя скончылі школу дамаводства і лічылі, што іх адукацыя завершаная.. Мяне гэта ўразіла)

Але калі вярнуцца да трыкутніка ;) Ёсць пара маладых навукоўцаў, каторыя знаёмяцца ў першай серыі. І ёсць лепшы сябра хлопца, камісар паліцыі, прыгажун і страшэнны лавелас) Пак, галоўная гераіня, вельмі такая сабе спецыфічная, любіць лезці ва ўсе справы, мае крытычны розум і проста здольнасць трапляць у розныя падзеі. Яна выбірае сабе гэтага навукоўца з першай серыі, хаця яе цікавяць абодва, бо дзяўчына, думаю, адразу ж ацаніла, наколькі нерэальна нешта там будаваць з чалавекам тыпу камісара. Але забойствы яны даследуюць з паліцэйскім, у іх выдатны тандэм атрымоўваецца. І ўвесь сезон чакаеш, будзе там у іх нешта ці не) Чамусьці такія банальныя з выгляду гісторыі атрымоўваюцца самымі жыццёвымі і значна ажыўляюць сюжэт.) Нічога новага пад гэтым небам)

Мне ў гэтым серыяле падабаецца гэткая натуральная няспешнасць. Людзі не мруць як мухі праз тыдзень, напаўняючы серыю за серыяй. Падзеі ў эпізодах адбываюцца праз вялікія прамежкі часу, месяцы, а то і гады, і азначаюць нейкія этапы ў адносінах пары да ўсяго. У гэта больш верыш, чым у забойствы ў Мідсамеры, дзе незразумела як яшчэ нехта жывы застаўся)

Так што раю) Спадзяюся, не надта наспойлерыла :)

КіНО, серыялы

Previous post Next post
Up